Колькі спраў у сучаснага «Аніскіна»

Участковы інспектар міліцыі – самая прыкметная асоба ў структуры праваахоўных органаў. Па яго стаўленні да работы людзі ацэньваюць дзейнасць міліцыі ў цэлым, робяць высновы пра тое, як дзяржава абараняе іх асабістую бяспеку і маёмасць.
Гэты год для вартавых правапарадку знакавы: 17 лістапада яны будуць адзначаць 95-гадовы юбілей сваёй службы. Сустракаюць яго з добрым настроем, бо па выніках работы за 9 месяцаў бярэзінскія “аніскіны” ўпэўнена  займаюць шостае месца ў Мінскай вобласці. Аднак напярэдадні важкага юбілею яны будуць не толькі гаварыць аб сваіх поспехах, але і аб праблемах, без якіх не абыходзіцца міліцэйская служба. Рабіць яны гэта будуць знарок, каб яшчэ раз звярнуцца да бярэзінцаў са словамі перасцярогі і дапамогі людзям ад розных няшчасцяў. Наш суразмоўца — начальнік аддзела прафілактыкі і аховы правапарадку раённага аддзела ўнутраных спраў, падпалкоўнік міліцыі Сяргей Валер’евіч Шкуратаў.

— Трэба адразу падкрэсліць, што абавязкі ўчастковага інспектара міліцыі датычаць усёй дзейнасці праваахоўных органаў: яны зай-маюцца аховай правапарадку і раскрыццём злачынстваў, праводзяць актыўную барацьбу з алкагалізацыяй і наркатызацыяй насельніцтва, кантралююць асу-джаных асоб, знаходзяцца ў цесным кантакце з мясцовымі ўладамі, педагогамі, медыкамі, сацыяльнай службай. Нездарма ж для некаторых “аніскіных” участковая служба стала выдатнай ступенькай для кар’ернага росту, і яны не забываюць гады працы на адміністрацыйным участку.
Міліцыянер карыстаецца павагай у грамадстве, бо ён – чалавек, да  якога непасрэдна звяртаюцца за дапамогай, падтрымкай і парадай. Таму сучасны “аніскін” — не толькі пасада, але і склад розуму і душы, якія не дазваляюць яму быць абыякавым да пытанняў людзей.
— Якія ж праблемы непасрэдна вырашаюць бярэзінскія вартавыя правапарадку?
— Адна з першачарговых — барацьба з п’янствам, алкагалізацыяй насельніцтва, незаконным абаротам і спіртаўтрымліваючай прадукцыі, якая цесна мяжуецца з прафілактыкай “п’яных” злачынстваў. Толькі сёлета ў раёне ўчынены 3 злачынствы супраць жыцця і здароўя грамадзян, якія адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх ліхадзействаў. Каб уявіць маштаб праблемы, варта назваць яшчэ некалькі лічбаў: на рахунку выпівак 70 злачынстваў, у тым ліку 37 — па лініі крымінальнага вышуку. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 92 чалавекі за выраб, захоўванне і перамяшчэнне спіртаўтрымліваючай вадкасці.
Аднак пакуль назваць зроб-ленае вычарпальнымі мерамі па стабілізацыі крымінальнай сітуацыі не атрымліваецца. Дастаткова ўзгадаць, паводзіны некаторых маладых людзей на дыскатэцы ў Пагосцкім сельскім Доме культуры і ў суботу ўначы на АЗС. Не даюць нам адпачынку і самагоншчыкі, сумленне якіх не абуджаюць ніякія штрафы і праклёны людзей. Таму міліцыянеры аператыўна рэагуюць на паведамленні бярэзінцаў аб новых “гарачых” кропках і рэгулярна наведваюць дамы “чорных” гандляроў. Як вынік — выяўлена 98 парушэнняў антыалкагольнага заканадаўства, канфіскаваны 33 самагонныя апараты, 805 літраў самагоннай брагі, амаль 156 літраў спірту і 29 літраў самагону.
Варта падкрэсліць, што гэтай няпростай справай займаюцца выключна ўчастковыя інспектары міліцыі, сярод якіх адзначу С.М. Собаля, В.М. Бурага, В.В. Падольскага, А.А. Галуза, А.У. Вярбіцкага і У.С. Мацкевіча.
— П’янства — прычына большасці грамадскіх праблем. Яно разбурае сем’і, знішчае эканоміку і штурхае чалавека на крымінальныя прыгоды.
— Гэта так. Асабліва калі размова тычыцца сямейных адносін. Рэдкі дзень абыходзіцца ў участковага інспектара міліцыі без разгляду сямейных праблем. Ахвярамі дамашняга насілля выступаюць не толькі чароўныя дамы, з якіх здзекваюцца мужчыны, але і прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва, якія капітулююць перад п’янымі жаночымі істэрыкамі і сцэнамі. Аднак ні тыя, ні другія не заслугоўваюць шкадавання, бо ўчыняюць сямейныя спектаклі нязменна ў нецвярозым стане. Таму мы актыўна адпраўляем выпівак на прымусовае лячэнне ад алкагалізму ва ўмовах лячэбна–працоўнага прафілакторыя, выпісваем ахоўныя прадпісанні і пішам рапарты на ўзбуджэнне крымінальных спраў супраць заўзятых тыранаў.
— Гэта значыць, што вы знайшлі свой дзейсны метад барацьбы з сямейным бязладдзем?
— Так, і яго эфектыўнасць даказана нашай работай. Таму я заклікаю ўсіх не замоўчваюць такія сямейныя пытанні і не цярпець здзекі, а смела звяртацца да нас. Тычацца мае словы не толькі мужоў і жонак, але і бацькоў, і сваякоў, якія вымушаны жыць з выпівакамі і скандалістамі.
— Асобна хочацца спытаць пра вашу прафілактычную дзейнасць з пажылымі людзьмі. Ці ёсць тут пэўныя праблемы?
— Праблема тут толькі адна: пенсіянеры пакуль ігнаруюць нашы парады. Яны не зачыняюць дзверы і вокны, заводзяць адносіны з незнаёмцамі, раней асуджанымі асобамі, пазычаюць грошы выпівакам. Таму кожны ўчастковы інспектар лічыць абавязкам абысці дамы састарэлых грамадзян і кожнаму ўласна данесці элементарныя правілы перасцярогі.
— А як знаходзіцца час, каб рэгулярна ўдзельнічаць у рэйдах, інспектаваць пытанні захаванасці маёмасці на прадпрыемствах, кантраляваць паводзіны асуджаных асоб, разглядаць заявы грамадзян і яшчэ хадзіць на дзяжурствы і весці актыўную прафілактычную работу?
— У гэтым і ёсць пэўны сакрэт участковай службы міліцыі, што яна павінна адначасова займацца шматлікай колькасцю спраў. Балазе, нашы міліцыянеры валодаюць ім. У калектыве працуюць як вопытныя, так і пачынаючыя вартавыя правапарадку, якія сумленна падыходзяць да службы і берагуць кодэкс гонару супрацоўніка міліцыі.
— А ці значыць гэта, што вам невядомы дэфіцыт кадраў?
— Не зусім. Але мы будзем рады бачыць у сваіх радах не толькі адукаваных, фізічна моцных маладых людзей, але і асоб, здольных вытрымаць напружаны працоўны графік, нашу бясконцую загружанасць, неабыякавых да інтарэсаў мілійцэйскай службы. Калі вам нашы ўмовы па душы, то будзем рады папрацаваць разам дзеля спакою і бяспекі людзей.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Юліі БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *