Праз усё жыццё

МАРЫНА АДАМАЎНА МУРАЧ:
— Сябрую з раёнкай з 1983 года. Менавіта ў гэты час маладым спецыялістам прыехала ў Бярэзінскі раён па размеркаванні. Па першым часе газета была для мяне сапраўдным даведнікам. Паколькі я не мясцовая, родам з Гомельскай вобласці, то дзякуючы раённаму выданню, паступова знаёмілася з невядомым раней месцам, у якім давялося жыць і працаваць, кіраўніцтвам раёна, з нумара ў нумар шмат новай і цікавай інфармацыі даведвалася пра бярэзінцаў.
Надоўга застаўся ў памяці і ўласны першы артыкул на старонках газеты. Ён меў назву “Тыя незабыўныя дні” і расказваў пра падзеі ХІІ Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў, удзел у якім прыняла і я будучы сакратаром камсамольскай арганізацыі райпрамкамбіната. А пачалося маё супрацоўніцтва з рэдакцыяй яшчэ раней, калі сама аднойчы стала галоўнай гераіняй інтэрв’ю. Творчае гарэнне не пакідала і пасля. У сваіх матэрыялах, што друкаваліся ў раёнцы, асвятляла насычанае грамадскае жыццё калектыву былой швейнай фабрыкі і дзейнасць маладзёжнага актыву прадпрыемства.
Сярод мноства іншых газет, раёнка заўсёды займала пачэснае месца ў нашай сям’і. Дарэчы, менавіта дзякуючы ёй, першыя крокі ў журналістыку рабіла мая дачка. Неаднойчы на старонках газеты адзначаліся і працоўныя дасягненні мужа.
Духоўная сувязь з раёнкай захоўваецца і сёння. З нецярпеннем чакаю свежы нумар любімай газеты кожныя сераду і суботу. Яна дапамагае мне быць у курсе падзей раённага, абласнога і рэспубліканскага значэння. Ніколі не пакідаюць раўнадушнай перапетыі людскіх лёсаў. Не застаюцца па-за ўвагай матэрыялы ў рубрыках “Прадпрымальніцтва”, “У райвыканкаме”, “Адзіны дзень інфармавання” і змешчаная на старонках газеты нарматыўна-прававая інфармацыя.
Заўсёды раю раённае выданне знаёмым і родным. Лічу, што “Бярэзінская панарама” павінна быць у кожным доме. Бо раёнка — люстэрка жыцця нашага роднага краю.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *