На Бярэзіншчыне прайшла спартакіяда па валейболе

31 кастрычніка начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Алеся Аляксееўна Цітова ўручала ў спартыўнай зале фізкультурна-аздараўленчага цэнтра “Лазурный” ганаровыя граматы камандам-пераможцам раённай штогадовай спартакіяды сярод калектываў фізічнай культуры па валейболе.

 

Спаборніцтвы праходзілі больш за два тыдні, з 15 па 31 кастрычніка, і сабралі нямала балельшчыкаў. Яны з цікавасцю сачылі за ходам гульняў. А паглядзець было на што! Не раз на пляцоўцы былі цікавыя моманты, удачныя перадачы, ды і няпростыя сітуацыі пад сеткай. Таму эмоцыі валейбалістаў часта зашкальвалі. Горача было і суддзі Мікалаю Мікалаевічу Міхалёву.
Аднак вялікай інтрыгі спаборніцтвы ні для балельшчыкаў, ні для валейбалістаў не мелі. У каторы раз сваё бясспрэчнае лідарства ў гэтым відзе спорту пацвердзіла каманда раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Яна не дала шансу ніводнаму свайму саперніку, у чарговы раз прадэманстравала высокі клас гульні і заслужана атрымала першае месца і грашовую прэмію. Куды цікавейшым быў расклад сярод прызёраў. Другое месца заняла каманда ДЛГУ “Бярэзінскі лясгас”, а трэцяй стала каманда ўстановы аховы здароўя “Бярэзінская ЦРБ”.
У пяцёрку мацнейшых увайшлі каманды раённага аддзела ўнутраных спраў і райвыканкама. Далей размясціліся, адпаведна, прадстаўнікі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, РКУВП “Бярэзінская ЖКГ”, філіяла “Здравушка-агра” і каманды з ліку аматараў валейбола сярод моладзі і дзяўчат спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву.


— Такі стракаты камандны расклад дазволіў справядліва вызначыць мацнейшых і зрабіць перамогу больш важкай, — лічыць дырэктар фізкультурна-аздараўленчага цэнтра “Лазурный” Васілій Сяргеевіч Аўчарэнка. – Аднак радавацца пераможцам я б пакуль не раіў, каб не спалохаць удачу. Наперадзе яшчэ некалькі спартыўных спаборніцтваў, у ходзе якіх будзе вызначана самая спартыўная каманда раёна.
Застаецца дадаць, што ўжо 12 лістапада пачнуцца спаборніцтвы па баскетболе. Таму самы час падаць заяўку на ўдзел у мерапрыемстве.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Анатоля ПАЛЫНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *