Хто атрымае тытул «Вучань года Мінскай вобласці — 2019»?

Традыцыйны і папулярны сярод бярэзінскіх школьнікаў конкурс “Вучань года” ў гэтым навучальным годзе адмяняецца. Замест яго будзе
наладжаны больш грандыёзны праект “Вучань года Мінскай вобласці — 2019”. Новая назва абяцае новыя ўмовы і выпрабаванні для жадаючых атрымаць пачэсны школьны тытул. Якія ж яны?

— Пачну з таго, што нягледзячы на змену назвы, мерапрыемства ставіць мэтай выяўленне і падтрымку інтэлектуальна і творча адораных, сацыяльна актыўных школьнікаў,  — адказвае намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Бярэзінскага райвыканкама Ала Сяргееўна Петруковіч. — А вось астатнія навацыі прыемна парадуюць жадаючых удзельнічаць у конкурсе.
Так, зараз да конкурсу дапускаюцца вучні ва ўзросце ад 10 да 16 гадоў,  якія дасягнулі па выніках каляндарнага года высокіх паказчыкаў на абласным, рэспубліканскім і міжнародным узроўнях. Таму канкурсанты будуць змагацца па некалькіх намінацыях: “Вучэбная дзейнасць”, “Спартыўная дзейнасць”, “Творчая дзейнасць”, “Праектная дзейнасць” і “Працоўная дзейнасць”.
— Такі спектр намінацый дазволіць кожнаму вучню гучна заявіць аб сабе, — лічыць Ала Сяргееўна, — і дазволіць справядліва вызначыць пераможцаў.
Застаецца дадаць, што конкурс праходзіць у тры этапы – школьны, раённы і абласны. Першы ўжо стартаваў у час восеньскіх канікулаў, у ходзе якога бярэзінскія школьнікі афармлялі партфоліа, запаўнялі анкеты, рыхтавалі творчыя візітоўкі і пісалі эсэ на тэму “Когда я вырасту…”
Пераможцы раённага этапу атрымаюць права ўдзелу ў абласным. Таму перад класнымі кіраўнікамі канкурсантаў стаіць няпростая задача — дапамагчы кожнаму свайму таленавітаму вучню гучна заявіць аб сваіх поспехах і дасягненнях. Балазе, сярод бярэзінскіх школьнікаў ёсць пераможцы прадметных алімпіяд, прызёры міжнародных навукова-практычных, творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў.

Мілана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *