Семінар-практыкум ад бярэзінскіх культработнікаў

Бярэзінскі край не мае шчодрай жытняй нівы, буйных прамысловых і сельскагас-падарчых прадпрыемстваў, затое тут жывуць і плённа працуюць крэатыўныя работнікі культуры. Яны здольныя сваімі творчым гарэннем і бясконцай фантазіяй не толькі ператварыць шэрыя будні ў запамінальныя святы, дапамагчы кожнаму рэалізаваць здольнасці і надаць упэўненасці, але і ўмацаваць сем’і, падарыць ім адчуванне шчасця. Гэта адкрыццё зрабілі спецыялісты раённых цэнтраў культуры, цэнтралізаваных клубных сістэм і метадычных службаў у ходзе абласнога семінара–практыкуму “Роля клубных устаноў раёна ў наладжванні сямейнага адпачынку”.

 

Першай паважаных гасцей вітала на ганку Новінскага сельскага Дома культуры начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бярэзінскага райвыканкама Таццяна Міхайлаўна Лучанок. Месца сустрэчы было выбрана невыпадкова. Ва ўстанове плённа працуюць два самадзейныя творчыя калектывы — народны сямейны гульнёва–абрадавы гурт “Радзіна” і ўзорны фальклорны калектыў “Валошкі”. Сёння без іх звонкіх песень і народных танцаў не абыходзіцца ніводнае раённае свята, ні шматлікія абласныя конкурсы і мерапрыемствы. Сакрэт папулярнасці калектываў у творчым гарэнні вялікай і дружнай сям’і Ніны Дзмітрыеўны і яе нявесткі Святланы Анатольеўны Клімовіч. Ды і як забыцца, што калектывы пастаянна ўдзельнічаюць у народным абрадзе “Цягнуць Каляду на дуба”, які з’яўляецца брэндам бярэзінскай зямлі.
Сям’я складае і аснову ансамбля Палянскіх. Дружны сямейны калектыў выканаўцаў народных песень паступова набірае папулярнасць сярод бярэзінцаў і аматараў фальклору.
Аднак не толькі гэтыя гурты задавалі тон у час мерапрыемства на новінскай сцэне. Тут упершыню дэбютавала сям’я Цярэня ў складзе бабулі, матулі і дачок. Нікога з прысутных не пакінуў абыякавым той факт, што самая старэйшая спявачка калектыву ўжо размяняла дзясяты дзясятак, але не страціла прыгожага голасу, які неверагодным чынам спалучаецца з тэмбрам унучкі. Усе гэтыя творчыя калектывы прадставілі на семінары прэзентацыю “Калейдаскоп сямейнай творчасці”.


Далей работнікаў культуры вобласці гасцінна віталі ў раённым цэнтры рамёстваў. Ужо ў фае будынка гасцей чакала дэманстрацыя калекцыі касцюмаў “Шах і Мат”, паказ касцюмаў у этнастылі, прысвечаны Году малой радзімы, узорнага тэатра–дэфіле “Відана” Лешніцкага сельскага Дома культуры. Але не толькі шыкоўныя сукенкі, незвычайныя капелюшы і ўнікальныя аксесуары, вырабленыя майстрам–дызайнерам Аляксандрай Анатольеўнай Грынкевіч, уразілі гасцей. Сапраўдным шокам для работнікаў культуры сталі загадкавыя керамічныя экспанаты майстроў керамікі міжнароднай выставачнай экспазіцыі “Погляд”. У раённым цэнтры рамёстваў працуе адзіны ў нашай краіне музей-пакой драўлянай лыжкі. Пазнаёміцца з яго экспанатамі пажадаў кожны ўдзельнік семінара, якому выпаў шанс на свае вочы пабачыць, як ствараюцца экспанаты музея: сакрэтамі старадаўняга рамяства падзяліўся майстар Рэспублікі Беларусь Яўген Паўлавіч Осіпаў. А асаблівую атмасферу стварыў дзіцячы калектыў лыжачнікаў пад кіраўніцтвам лепшага музыкі раёна Міхаіла Аляксандравіча Папругі.


Раённы цэнтр рамёстваў рупіцца не толькі аб захаванні народных рамёстваў, але і актыўна шукае новыя творчыя таленты. Вынікам гэтай справы стала выставачная экспазіцыя работ мастакоў Бярэзіншчыны “Перазвон талентаў”. Яе пейзажы, партрэты і нацюрморты атрымалі самыя станоўчыя водгукі спецыялістаў культуры.
Аднак і гэтымі творчымі праектамі не абмяжоўваецца фантазія бярэзінскіх работнікаў культуры ў наладжванні цікавага сямейнага адпачынку. Так, усе ўдзельнікі семінара змаглі выбраць упадабаны фотаздымак незвычайнай выставы “Святло мацярынскай любові”. Яна ў гэтыя дні працуе на першым паверсе раённага цэнтра культуры. Апрача гэтага, установа нязменна збірае бярэзінцаў на шматлікія мерапрыемствы, чакаюць дзяцей рэпетыцыі танцавальных і тэатральных калектываў. Папулярнасцю ў бярэзінцаў карыстаецца народны тэатр пад кіраўніцтвам рэжысёра Мікалая Мікалаевіча Пытляка. Дзякуючы яму, кожныя два гады раённы цэнтр культуры праводзіць фестываль самадзейных тэатральных калектываў “Бярэзінская рампа”, дзе можна пазнаёміцца з лепшымі спектаклямі Мінскай вобласці.


Кіпіць культурнае жыццё не толькі ў Беразіно, але і ў аграгарадках раёна. Так, жыхары Любушан ганарацца сваім сельскім Домам культуры. Тут наладжаны цесныя сувязі са школай, працуе спартыўная зала, дзейнічае этнаграфічны пакой, ды і займаюцца тут з наведвальнікамі сапраўдныя майстры сваёй справы. Так, наладзіла і правяла ўнікальны майстар–клас па ткацтве народны майстар Беларусі Тамара Іванаўна Крыварот.


Закончыўся семінар феерычна — агульным фота-здымкам на сцэне Любушанскага сельскага Дома культуры гасцей з пераможцамі рэгіянальнага конкурсу маладых сямейных пар “Шчаслівыя разам”. Гэты новы праект работнікаў культуры падарыў бярэзінцам цікавыя сустрэчы з творчымі сем’ямі і незабыўныя, яркія эмоцыі і перажыванні, дзякуючы шыкоўнай, добра прадуманай конкурснай праграме. Выдаваць усе сакрэты работнікі культуры не спяшаюцца, бо наперадзе чакаецца фінал рэгіянальнага конкурсу і абвяшчэнне самай творчай маладой бярэзінскай сям’і.


— Бярэзінскія работнікі культуры шчодра падзяліліся напрацоўкамі ў наладжванні сямейнага вольнага часу са сваімі калегамі, — падвяла вынікі семінара дырэктар раённага цэнтра культуры Валянціна Анатольеўна Пытляк, — але яны нічога не вартыя без творчага гарэння, бясконцага энтузіязму і пазітыўнага настрою спецыялістаў. Яны ж у сваю чаргу чэрпаюць іх у наведвальнікаў устаноў. Таму заклікаем усіх не ігнараваць нашы мерапрыемствы, ак-тыўна ўдзельнічаць у іх, каб разам надаць жыццю яркія фарбы!

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *