Працаўладкаванне раней асуджаных

Нядаўна сустрэла маладога чалавека. У свае трыццаць «з хвастом» працоўнага стажу ў яго з камароў нос. Яшчэ ў студэнцкія гады ён надоўга трапіў за краты за распаўсюджванне наркотыкаў. Аднак у турме набыў рабочую спецыяльнасць і адразу пасля вызвалення з дапамогай бацькоў уладкаваўся на працу рабочым.

 

— На вялікія заробкі пакуль не разлічваю, — прызнаецца мужчына. — Рады таму, што маю, бо дагэтуль людзі на мяне коса паглядаюць, не выказваюць даверу. Але вучуся на курсах ваджэння, планую ў бліжэйшы час завочна завяршыць вучобу ва ўніверсітэце. Не сядзець жа мне склаўшы рукі і ўсяму свету скардзіцца!
На жаль, такія гісторыі сацыялізацыі раней асуджаных асоб адзінкавыя. Толькі трэцяя частка “пакрыўджаных лёсам” грамадзян знаходзіць працу, вяртаецца ў сям’ю і становіцца паўнацэнным членам грамадства. Дапамагчы людзям, якія аднойчы звярнулі з правільнага шляху і апынуліся ў складаных жыццёвых абставінах, закліканы кірмашы вакансій і работа назіральнай камісіі пры Бярэзінскім райвыканкаме.
Сюды на мінулым тыдні былі запрошаны беспрацоўныя, раней асуджаныя асобы, якія стаяць на розных відах уліку ў крымінальна-выпраўленчай інспекцыі. Да іх канкрэтна са
словамі дапамогі звярталіся работнікі міліцыі, цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і службы занятасці Бярэзінскага райвыканкама, медыкі. Прыйшлі яны на сустрэчу з жаданнем разабрацца ў іх праблемах і аказаць рэальную дапамогу ў працаўладкаванні. На вялікі жаль, шчырая зацікаўленасць выступаючых не знайшла жывога водгуку сярод прысутных.
— Я за 128 рублёў у месяц працаваць не буду, — лямантавала энергічная кабета, — і каб кожны мне ўказваў! У мяне дакументы ёсць і па іншых спецыяльнасцях, аднак на працу мяне ніхто не бярэ. Ды і не патрэбна мне гэта: муж жа працуе!
Пачуўшы такое — міжволі пачынаеш спачуваць жанчыне, якая вымушана за такія капейкі цэлы месяц працаваць. Аднак шкадаваць жанчыну не варта. Яе словы не адпавядаюць рэальнасці, ды і забылася кабета пра тое, што была асуджана і працавала пасля судовага пакарання ўсяго некалькі тыдняў.
— Атрымаць усё і адразу — так не бывае, бо большасць з вас страціла працоўныя навыкі і не мае пэўнай кваліфікацыі, каб дастойна зарабляць, — тлумачыла ўсім намеснік начальніка – загадчык сектара занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Бярэзінскага райвыканкама Святлана Уладзіміраўна Сайкоўская, — але заўважу, што заробак без спагнанняў павінен быць не менш за 300 рублёў.
Аднак вялікага энтузіязму гэта інфармацыя ў прысутных не выклікала, бо частка з іх мае адміністрацыйныя спагнанні і перавагу аддае выпадковым заробкам. Віной таму не толькі адсутнасць прафесіі і навыкаў, але і элементарная лянота, злоўжыванне алкаголем і нежаданне людзей нешта змяняць у сваім жыцці. Гэта і штурхае раней асуджаных асоб на новыя крымінальныя “подзвігі”. За 9 месяцаў 2018 года імі ўчынена 76 злачынстваў, у тым ліку, 4 цяжкія. Найбольш небяспечная сітуацыя назіраецца з рэцыдыўнай злачыннасцю ў Бярэзінскім, Багушэвіцкім, Дзмітравіцкім і Пагосцкім сельскіх Саветах. Прычынай супрацьпраўных дзеянняў міліцыя называе п’янства. Таму на мерапрыемстве слова атрымала ўрач–псіхіятр-нарколаг Бярэзінскай ЦРБ Вольга Дзмітрыеўна Жукоўская:
— Мы гатовы аказаць кваліфікаваную медыцынскую дапамогу ўсім, хто да нас прыйдзе, можна нават прайсці курс лячэння ананімна. Галоўнае, каб вы мелі жаданне развітацца з чаркай і весці паўнацэннае жыццё.


Шчыра зацікаўлена ў працаўладкаванні раней асуджаных асоб служба занятасці. Так, сёння ў раёне запатрабаваны вальшчыкі лесу, трактарысты-бульдазерысты і іншыя рабочыя спецыяльнасці. Наладжана навучанне па гэтых прафесіях, яно доўжыцца шэсць месяцаў, і выплачваецца стыпендыя.
Хочацца спадзявацца, што словы спецыялістаў усё ж такі будуць пачуты раней асуджанымі і нехта з іх знойдзе сілы і канкрэтна звернецца па дапамогу. Гэта стане першым крокам да добрых перамен. Кволую надзею на поспех у сацыялізацыі раней асуджаных асоб даюць вынікі тэсціравання, якое наладзілі псіхолагі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Згодна з імі, гэтыя асобы не маюць праблем у адносінах з людзьмі, умеюць падстройвацца і тонка адчуваюць настрой субяседніка. А гэта ўжо добрая саломінка навучыцца дамаўляцца і з самім сабой!
Застаецца дадаць, што ўдзельнікамі мерапрыемства былі замежныя госці і асобы без грамадзянства, якія маюць пастаянны і часовы дазвол на пражыванне ў Рэспубліцы Беларусь. Усе яны на працягу года неаднаразова прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці. Да іх са словамі аб недапушчальнасці супрацьпраўных паводзін і тлумачэння норм адміністрацыйнай адказнасці звярнулася начальнік аддзела па грамадзянстве і міграцыі Бярэзінскага РАУС Вольга Мікалаеўна Сямашка.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *