Міншчына дзівосная. Бярэзінскі раён

       БУДЫНАК СПІРТЗАВОДА – ПОМНІК АРХІТЭКТУРЫ

Бярэзінскі спіртзавод вядзе свой адлік з 1853 года, калі ў маёнтку графа Патоцкага пачаў працаваць вінакурны завод. Дакументы, знойдзеныя ў фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва сведчаць: “Ігуменскі павет №18 Бярэзінскі завод Графа Аўгуста Патоцкага на 3000 вёдраў віна”.

У 1892 годзе ўзведзены мураваны будынак, спіртасховішча, устаноўлена паравая машына і абсталяванне. У два разы павялічылася і вытворчасць – да 6000 вёдраў спірту, павысілася і яго якасць. Спірт сталі пастаўляць у вінныя склепы графа, а таксама ў Барысаў, Бабруйск, Мінск і іншыя гарады.

Рэвалюцыя 1917 года ўнесла свае змяненні, завод быў нацыяналізаваны, спірт сталі прымяняць для патрэб народнай гаспадаркі. Няспынна працягвалася развіццё прадпрыемства, якое ўплывала і на развіццё населенага пункта ў цэлым. У 1930 годзе пабудавана электрастанцыя, якая забяспечвала электрычнасцю не толькі завод, але і раён­ ны цэнтр.

У гады Вялікай Айчыннай вайны вытворчасць практычна спынілася, але адразу пасля вызвалення раёна была адноўлена. Не спыняўся завод ва ўдасканаленні ўсе наступныя гады, пэўны час тут выпускалі сокі і крухмал.

Сёння старажыл паранейшаму ў страі, прадпрыемства з’яўляецца абасобленым структурным пад раздзяленнем РУП “Мінск Крышталь – упраўляючая кампанія холдынга Мінск Крышталь Груп”. Працягваецца яго ўдасканаленне, у тым ліку па ўкараненні безадходнай вытворчасці.

ПАЛЯЎНІЧЫ КОМПЛЕКС “ВЯЗЫЧЫН”

У любую пару года паляўнічы комплекс “Вязычын” прыцягвае сваімі краявідамі, асаблівым спакоем і хараством прыроды. Уладкаваны работнікамі лясной гаспадаркі, гэты ма­ляўнічы куточак на беразе рачулкі даўно стаў упадабаным месцам адпачынку самых розных людзей. Сюды едуць на паляванне і рыбалку, у грыбы і ягады. Або проста адпачыць ад паўсядзённай мітусні на ўлонні прыроды. Адпачыць адзін дзень або больш працяглы час. Комплекс прымае як невялікія кампаніі і сем’і, так і наладжвае карпаратыўныя святы, вяселлі, юбілеі, выпускныя. Арганізуюцца тут індывідуальнае і загоннае паляванне для паляўнічых, у тым ліку замежных.

На беразе маляўнічага возера размясцілася лазня, якая дакранаецца да вады сваімі прыступкамі. Вадаём першым сустракае гасцей і падаецца цэнтрам комплексу. Па перыметры возера размясцілася некалькі альтанак і адна большая – на астраўку. На беразе возера застылі ў чаканні жадаючых пакатацца лодка і катамараны. Ёсць для адпачываючых і сапраўдныя сюрпрызы жывой прыроды.

У любую пару года тут адчуваецца нацыянальная самабытнасць, натуральнасць прыроды і адначасова сучасны камфорт.

БІФІДЗІН – АДЗІНЫ Ў РЭСПУБЛІЦЫ

Больш за 20 гадоў у Беразіно дзейнічае прадпрыемства па вытворчасці каштоўнага лячэбнага кісламалочнага прадукту – біфідзіну, якое застаецца адзіным у рэспубліцы і прыносіць пэўную вядомасць нашаму гораду.

ТАА “Біямалпрам” было створана ў 2002 годзе пры непасрэднай дапамозе Бярэзінскага райвыканкама і Мінскага аблвыканкама з мэтай арганізацыі новых рабочых месцаў і выпуску сацыяльна­значнага імпартазамяшчальнага малочнага прадукту.

У 2003 годзе ў рамках праграмы “Дзеці Беларусі”, пры фінансавай падтрымцы Камітэта прадпрымальніцтва аблвыканкама, на прадпрыемстве была праведзена рэканструкцыя, якая павялічыла вытворчыя магутнасці. Хаця абнаўленне вядзецца пастаянна.

Прадукцыя прадпрыемства “Біямалпрам” – “Біфідзін” прызначана для харчавання дзяцей ад трох тыдняў і старэй і валодае ўнікальнымі прафілактычнымі і аздараўленчымі ўласцівасцямі. Эфектыўнасць біфідапрадуктаў у аднаўленні здароўя дзяцей пацверджана выпрабаваннямі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

“Біфідзін” стабільна трымаецца на рынку і набывае новых спажыўцоў.

 У КРУПУ НА КРЫНІЦУ – ЗА ЛЯЧЭБНАЙ ВАДЗІЦАЙ

Сёння да гэтай крыніцы з’язджаюцца людзі з усяго наваколля – набраць вады, акунуцца ў купелі, жыва­творнай сілай вады ратаваць душу і цела. Па сведчаннях мясцовых старажылаў, гаючай вадой лячылі хваробы вачэй, страўніка, дзіцячыя хваробы. Высокія фізіка­хімічныя ўласцівасці вады па 34 паказчыках пацверджаны лабараторна ў Мінскім абласным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.

Калісьці крыніцу звалі Панскай. Хаця, як адзначаў у свой час пратаіерэй Анатоль Кісель: “Гэта не крынічка Панская, а пан ведаў, дзе сяліцца”.

Дакладней, гэта нават і не крынічка, а сем крыніц. Там, дзе яны віруюць з зямлі (вёска Крупа, 35 кіламетраў ад горада Беразіно), пабудавана Капліца з купеллю ў гонар свяціцеля Мікалая Цудатворца. У 2010 годзе па прашэнні Прыхода храма свяціцеля Мікалая Цудатворца рашэннем Бярэзінскага райвыканкама быў дадзены дазвол на гэта. Будаўніцтва вялося з дапамогай сродкаў, ахвяраваных спонсарамі дзяржаўных і прыватных арганізацый, а таксама прыхаджанамі раёна.

Месца каля крыніц пастаянна ўдасканальваецца і добраўпарадкоўваецца.

 

КАТАЛІЦКІ ХРАМ У БАГУШЭВІЧАХ

Багушэвіцкі касцёл Святой Тройцы – помнік архітэктуры ў стылі неаготыкі. Пабудаваны ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя як сямейная капліца ўладальнікаў Багушэвіцкай сядзібы Свентаржэцкіх. Касцёл размешчаны ў цэнтры населенага пункта, на гарадзішчы.

Храм у аграгарадку Багушэвічы занесены ў спіс гісторыка­культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

 

АДЗІНЫ НА МІНШЧЫНЕ МУЗЕЙ ДРАЎЛЯНАЙ ЛЫЖКІ

З’явіўся ён у райцэнтры невыпадкова. Менавіта тут працуюць адмысловыя лыжачнікі, якія беражліва захоўваюць і перадаюць сакрэты старадаўняга майстэрства моладзі.

Драўляная лыжка, сапраўды, вартая ўвагі. Менавіта яна карміла многія пакаленні беларусаў і ў прамым, і ў пераносным сэнсе. У галодныя неўраджайныя гады сяляне выраб­лялі лыжкі на продаж, куплялі муку, соль, крупы. Так і выжывалі.

– А пачынаецца працэс вырабу лыжкі са звычайнага палена, якому майстар надае пэўную форму з дапамагай выдзёўбвання спецыяль­нымі інструментамі. Прычым яно павінна быць суцэльным, – тлумачыць славуты бярэзінскі майстар Яўген Паўлавіч Восіпаў. ­ Лепш за ўсё падыходзіць драўніна ліпы, паколькі яна самая мяккая. Але я вырабіў спецыяльна для музея лыжкі з розных парод дрэў. І кожны выраб аздобіў уласцівымі гэтым дрэвам кветкамі і галінкамі.

У Яўгена Паўлавіча што ні работа, то шэдэўр. Напрыклад, ён стварыў лыжку для таўстуноў. Не, не для таго, каб больш ежы ёй чэрпалі. Наадварот, каб худзелі. І называец­ ца яна «Вожык­альбінос». Толькі на адны іголкі пайшло 1200 зубачыстак. Такую лыжку, нават калі і не наеўся, не абліжаш. Або, напрыклад, лыжка, якую майстар назваў: «Мішка вельмі­вельмі любіць мёд». Да дупла крадзецца мядзведзь, каб паласавацца салодкім, але яго не пускаюць пчолы, што ўюцца вакол. Яўген Осіпаў любіць адлюстроўваць у сваіх творах жыццёвыя гісторыі. Напрыклад, на адной з лыжак захапляе сюжэт гульні ў карты бабы з дзедам. У калекцыі музея і трыпціх творцы: дзве лыжкі ў выглядзе сэрца, звязаныя ланцужком, сімвалізуюць вечнае пачуццё – каханне.

У музеі захоўваецца і яшчэ адна работа Яўгена Паўлавіча ­ лыжка з гербам горада Бера­ зіно аж на 12 літраў! Менавіта

яму належала ідэя ўстанавіць помнік лыжцы. Яе памер – 2 метры 40 сантыметраў. Змайстравалі скульптуру ўчатырох: Яўген Паўлавіч з сынам, а таксама разьбяры Васіль Мурашка і Аляксандр Паскробка.

У 2010 годзе ў раёне прайшло першае абласное свята разьбяроў­лыжачнікаў. Пераможцы конкурсу пакінулі для музея свае лыжкі, якія тут і захоўваюцца. Сёння мерапрыемства рэгулярна збірае майстроў з Мінскай вобласці, шматлікую колькасць наведвальнікаў і жадаючых далучыцца да старадаўняга рамяства. Цяпер у экспазіцыі налічваецца звыш 200 лыжак. Прычым калекцыя пастаянна папаўняецца. Самая старая лыжка была знойдзена на сметніку. Відавочна, што ёй карысталіся доўгі час: пачарнелая, вышчарбленая. Ёсць і лыжкі, размаляваныя фарбай, аздобленыя рознымі матэрыяламі: саломкай, бісерам.

– Наш раён багаты майстрамі розных кірункаў народнай творчасці. Раней яны былі разрозненыя, стваралі дома, самі па сабе. Мы ўсіх аб’ядналі пад дахам цэнтра, – адзначае Яўген Паўлавіч. – Тут яны ладзяць персанальныя выставы, майстар­класы для ўсіх жадаючых, дзеляцца вопытам. Апрача гэтага, усіх наведвальнікаў забаўляе ансамбль юных лыжачнікаў пад кіраўніцтвам музыкі Міхаіла Аляксандравіча Папругі.

 

ГАЛОЎНЫ НОВІНСКІ БРЭНД — «ЦЯГНУЦЬ КАЛЯДУ НА ДУБА»

“…Каляда, Калядзіца!

Мы цябе адгулялі,

Добра шанавалі!

Цяпер цягнем да дуба –

    Сядзі там люба!”

Толькі на ўсходзе Міншчыны яшчэ можна пачуць гэтыя словы. Яны надзвычай уплятаюцца ў развітальную песню провадаў Каляд. Менавіта на Бярэзіншчыне захавалася своеасаблівая традыцыя святкавання заканчэння зімовага свята. Яно называецца “Цягнуць Каляду на дуба” – абрад са сваімі песнямі, дзеяннямі, вясёлымі ігрышчамі.

Мясцовыя людзі кажуць: “Прайшло Божае Нараджэнне, Святыя вечары – Шчадрэц і Вадохрышча. Нарэшце прыйшоў час спыняць вясёлае баўленне часу і праводзіць шаноўную госцю – Каляду!”

У многіх вёсках раёна яшчэ памятаюць такую народную традыцыю і час ад часу збіраюцца на провады. Але такіх вёсак застаецца, на жаль, усё менш і менш. І толькі ў Новінах традыцыя “Цягнуць Каляду на дуба” з кожным годам набірае абароты. Калядныя провады сталі тут галоўным брэндам, абрад з’яўляецца візіткай культуры рэгіёна, ён уключаны ў спіс помнікаў нематэрыяльнай спадчыны Беларусі.

Кожны год 21 студзеня новінцы збіраюцца ў сельскі Дом культуры, каб урачыста і годна аддаць пашану аднаму з галоўных свят земляробчага календара – Калядам. Яны прыносяць з сабою стравы, ласункі, робяць “ката” з хлеба, сала і каўбасы. Але самае важнае ў гэтым звычаі – упрыгожыць жытнёвы альбо пшанічны сноп, які сімвалізуе Каляду, згатаваць куццю і з гэтымі вечнымі сімваламі працавітасці і роду адправіцца за вёску да дуба, надзейна прымацаваць іх сярод галін дрэва.

– “Ой, Калядачкі! Вы на дуб, на дуб, а нам, дзевачкам, ніхто не люб!..”, – спяваюць дзяўчаты па дарозе ў поле, ідучы за санкамі, у якіх сядзіць “бабка” са снапом­ Калядою і гаршчэчкам куцці. Каторы раз на ролю паважанай “бабкі” – захавальніцы добрай сям’і і самога роду выбіраюць Ніну Дзмітрыеўну Клімовіч. Гэта яе намаганнямі ў 1998 годзе быў адноўлены абрад, актыўнымі ўдзельнікамі якога з’яўляюцца народны сямейна­абрадавы гурт “Радзіна” і ўзорны фальклорны ансамбль “Валошкі” Новінскага сельскага Дома культуры. Згодна з традыцыямі, амаль два кіламетры Ніну Дзмітрыеўну хлопцы везлі за вёску Марціянаўку да стагадовага дуба. Ён стаў своеасаблівым сімвалам – захавання памяці, якая цягнецца ад сівой старажытнасці да сённяшняга часу.

Усцягнуўшы Каляду на дуба, павадзіўшы карагоды і падсмажыўшы на агні сала, удзельнікі вяртаюцца ў вёску, працягваюць вясёлыя ігрышчы і скокі пад гармонік, кларнет і бубен.

«БЯРЭЗІНСКАЯ РАМПА» ЗАПАЛЬВАЕ ТЭАТРАЛЬНЫЯ АГНІ

Кожныя два гады, пачынаючы з 1997­га, напрыканцы лістапада запальвае агні «Бярэзінская рампа». На працягу трох дзён на сцэне Бярэзінскага раённага цэнтра культуры з аншлагам праходзяць спектаклі лепшых тэатраў Міншчыны, якія маюць ганаровае званне “заслужаны” ці “народны”.

Гісторыя падобных мерапрыемстваў адыходзіць сваімі каранямі ў пачатак 70­х гадоў ХХ стагоддзя, калі рэспублікі Прыбалтыкі, Расія і Беларусь заснавалі тэатральны фестываль “Рампа дружбы”. Ён праходзіў кожны год у адным з гарадоў Латвіі, Літвы ці

Эстоніі. Менавіта ў невялікіх утульных гарадках наладжваліся паказы лепшых спектакляў аматарскіх тэатраў.

Гэта і стала падставай для нараджэння тэатральнага свята на Міншчыне. Ідэйным натхняльнікам і мастацкім кіраўніком першага і наступных абласных фестываляў народных тэатраў “Бярэзінская рампа” быў і да гэтага часу з’яўляецца рэжысёр народнага тэатра Бярэзінскага раённага цэнтра культуры Мікалай Пытляк. На Бярэзіншчыне для наладжвання тэатральнага фэсту ўжо існавалі пэўныя прадпасылкі. Як сведчаць гістарычныя звесткі, у другой палове мінулага стагоддзя ў маёнтку графа Патоцкага было вельмі папулярным драматычнае таварыства; у гэты ж час дзейнічала цікавая аматарская яўрэйская тэатральная група; ставіў музычна­драматычныя паказы ў сваім маёнтку Багушэвічы памешчык Свентаржэцкі.

Мэта “Бярэзінскай рампы” ­ развіццё і пераемнасць традыцый аматарскай тэатральнай творчасці на Міншчыне, актывізацыя фестывальнага тэатральнага руху, павышэнне ўзроўню рэжысёрска­пастановачнай работы і выканальніцкага майстэрства тэатральных калектываў, а таксама асобных выканаўцаў, узбагачэнне рэпертуару народных тэатраў лепшымі творамі нацыянальнай і сусветнай драматургіі.

Фестываль народных тэатраў – гэта заўсёды радасць сустрэчы з неардынарнымі калектывамі, якія за час сваёй дзейнасці сталі сапраўднымі творчымі лабараторыямі. Гэта заслужаныя аматарскія калектывы Рэспублікі Беларусь: драматычны тэатр «Відарыс» Па­лаца культуры імя М. Горкага г. Барысава і тэатр імя У. Радзівіл Нясвіжскага раённага цэнтра культуры і вольнага часу, народныя тэатры: драмы і камедыі імя У. Галубка Слуцкага гарадскога Дома культуры, Бярэзінскага раённага цэнтра культуры, маладзёжны тэатр “Штурх” ПК ВА “БелАЗ”, “Папараць­кветка” Слуцкага ГДК і інш.

Ацэньвае выканальніцкае майстэрства народных тэатраў кампетэнтнае журы, якое з самага пачатку ўзначальваў прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, доктар мастацтва­знаўства Юрый Максімавіч Сохар, а пачынаючы з 2001 года старшынёй журы нязменна з’яўляецца артыстка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я.Купалы, народная артыстка Рэспублікі Беларусь Марыя Георгіеўна Захарэвіч.

З кожным новым фестывалем расце ўзровень выканальніцкага майстэрства аматарскіх тэатраў, узбагачаецца іх рэпертуар, на тэатральным небасхіле з’яўляюцца новыя імёны. На сённяшні дзень гэты фестываль — значная і яркая падзея ў культурным жыцці Міншчыны.

Ала АЛЬФЕР, Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

 

Міншчына дзівосная. Бярэзінскі раён: 3 комментария

  • 4 декабря 2018 в 12:47
    Permalink

    ПАВАЖАНАЯ АЛЕНА!
    Матэрыял пра раённы пакой-музей драўлянай лыжкі пад рубрыкай “Міншчына дзівосная. Бярэзінскі раён” ставіў сваёй мэтай пашырыць кола наведвальнікаў вядучай культурнай установы раёна, але ніяк не расказаць поўную гісторыю яго стварэння.
    Што тычыцца слаўнай памяці аднаго са стваральнікаў раённага музея драўлянай лыжкі Ганны Аляксандраўны Ждановіч, то ў артыкуле “Усё пачынаецца з лыжкі…” за 12 верасня яе імя ўзгадана, як арганізатара рэгіянальнага свята разьбяроў-лыжачнікаў у нашым раёне.

    Рейтинг комментария:Vote +1+1Vote -1-1

  • 3 декабря 2018 в 21:01
    Permalink

    Кароткае жыццё чалавека ў параўнанні з вечнасцю… і такая ж кароткая памяць пра людзей, якія прысвяцілі сваё жыццё любімай справе, імкнуліся ўславіць свой родны край.
    Адзін вядомы беларускі журналіст сказаў, што за кожнай справай стаіць абавязкова чалавек. Менавіта ідэі, памкненні, ініцыятыва канкрэтнага чалавека спрыяюць з’яўленню чагосьці важнага, каштоўнага. Так, зразумела, што за аднаўленнем абрада ці заснаваннем фестываля стаіць той ці іншы чалавек. А з’яўленне музея драўлянай лыжкі звязваецца, як сцвярджае артыкул, аказваецца з тым, што “лыжачнікі” у нас працавалі. Аднак лыжкары працуюць у розных рэгіёнах Міншчыны, пра што сведчыць фестываль-конкурс. Працуюць лыжкары і ў іншых куточках Беларусі. Аднак чамусьці менавіта ў нас у Беразіно першапачаткова па вул. Піянерскай, 51 гасцінна расчыніў дзверы пакой-музей драўлянай лыжкі. Адказ вельмі просты: таму што жыў чалавек, канкрэтны, рэальны чалавек, які ніколі не сядзеў склаўшы рукі, ствараў, імкнуўся пераўтварць звыклую абыдзенасць, ставіў мэты і дасягаў іх.
    Аднак відаць так павялося, што любяць у нас узгадваць жывых, не хочуць гаварыць пра тых, каго ўжо няма сярод нас, забываючыся пра тое, што калісьці і самі адыйдуць у нябыт і пра іх таксама забудуць. А можа гэта з прычыны зайздрасці, што не яны, а хтосьці іншы здолеў, зрабіў, здзівіў…
    Пашкадавалі. Аднаго сціплага радка, дзеля праўды, дзеля ісціны.
    Веру, што над усімі намі валадарыць Пан Бог, ён адзіны ведае праўду і спытае ў кожнага па яго справах. І тады ўсё застанецца на сумленні тых, хто доўга не прызнаваў музей, перашкаджаў яго развіццю, замоўчае праўду.
    Між іншым, дзеля праўды, адна дэталь. Майстры былі не разрозненыя, а аб’яднаныя ў Народны клуб майстроў, на базе якога і быў адкрыты Бярэзінскі раённы цэнтр рамёстваў, у памяшканні якога майстры працягвалі збірацца разам, ладзіць выставы, якія раней праходзілі ў Доме культуры (зараз Цэнтры) ці ў рамках іншых мерапрыемстваў на абласных пляцоўках.
    Светлая памяць Ганне Аляксандраўне Ждановіч, заснавальніцы пакоя-музея драўлянай лыжкі, Народнага клуба майстроў, першага дырэктара Цэнтра рамёстваў, сціплай жанчыне, якая ніколі не выпячвала сваіх заслуг, казала “мы прыдумалі, мы рашылі”, маючы на ўвазе сябе і сваіх аднадумцаў.
    І тыя людзі, якія былі з намі ад самага пачатку заснавання музея, ведаюць праўду. Знойдзецца, спадзяемся, і гісторык, які аб’ектыўна раскажа, як было на самай справе, абапіраючыся на відэасюжэты і газетныя артыкулы, толькі не гэты ваш артыкул, а тыя шматлікія, ранейшыя, вашыя і чужыя, абапіраючыся на памяць тых людзей, якія і сёння жывуць і працуюць на гэтай Зямлі.

    Рейтинг комментария:Vote +1+3Vote -1-1

  • 12 ноября 2018 в 21:08
    Permalink

    Интересный проект! Вот так живём, не знаем, что рядом. Я и не знал историю про спиртзавод. Спасибо

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *