Не чужая, а родная

ЛЮДМІЛА ПАЎЛАЎНА ЧАЛЕЙ:


— Менавіта з раённай газеты пачалося маё знаёмства з Бярэзінскім краем і яго жыхарамі пасля пераезду на Бярэзіншчыну з Кастрамской вобласці краіны-суседкі ў 1983 годзе. Працоўны шлях пачынала ў вясковай школе, а праз год атрымала запрашэнне ад тагачаснага дырэктара СШ № 2 г. Беразіно Ніны Васільеўны Беладзед і перавялася ў горад. З той  пары ўсталявалася і захоўваецца да сённяшняга часу сувязь з раённай газетай. Нават адрас дастаўкі не змяніўся. Месца ў паштовай скрыні штогод знахо-дзяць многія перыядычныя выданні. Але на першым плане заўсёды — раёнка, якую з нецярпеннем чакаю кожныя сераду і суботу. Падабаюцца публікацыі, героямі якіх становяцца мае знаёмыя. Зразумела, не застаюцца па-за ўвагай навіны мясцовага, абласнога і рэспубліканскага значэння. Не ведаю, чым гэта тлумачыцца, але чытаць газеты, у тым ліку і раённую, пачынаю з апошняй старонкі. Знаходжу тут віншаванні з нагоды юбілейных дат і дзён нараджэння. Затым праглядваю рэкламу і прыватныя аб’явы. Дзякуючы ім, купілі ў свой час аўтамабіль, зрабілі нацяжную столь і памянялі вокны. Рэклама, вядома, патрэбна людзям. Але хацелася б, каб займала яна крыху менш газетных старонак.
Трэба адзначыць, што наш край багаты на цікавых і таленавітых людзей, якія дасягнулі пэўных вяршынь у прафесіі і сваёй дзейнасцю ўславілі Бярэзіншчыну далёка за яе межамі. Шмат сярод іх і выпускнікоў нашай установы адукацыі. Таму вельмі прыемна было б, каб старонкі “Бярэзінскай панарамы” ўпрыгожылі імёны і гэтых нашых знакамітых землякоў.
Фотаздымкі і матэрыялы пра родных, блізкіх, сяброў, калег, надрукаваныя ў раённай газеце, заўсёды з гонарам захоўваю ў сямейным архіве. Грэюць душу матэрыялы пра дасягненні вучняў і поспехі раённай газеты. Падзяляю радасць перамог.
Хоць і не вывучала беларускую мову ў школе і дасканала не валодаю ёю, гэта не перашкаджае мне атрымліваць асалоду ад раённага выдання. Увогуле, раёнка, калісьці такая чужая, а цяпер такая родная, — мой спадарожнік па жыцці.
Трэба адзначыць, што “Бярэзінскую панараму”  вельмі паважаюць у калектыве СШ № 2. Работнікі з задавальненнем выпісваюць газету сабе і сваякам. Бярэзінцы ж павінны ведаць пра свой раён усё. А адкуль чэрпаць інфармацыю, як не са старонак раённай газеты?

Запісала Алена МУРАЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *