«Наша сонейка». Да Дня інвалідаў Рэспублікі Беларусь

Так цёпла, душэўна, па-сямейнаму называюць блізкія, родныя, супрацоўнікі і наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Бярэзінскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоў-вання насельніцтва Галіну Казора.

І яна, сапраўды, адкрытая, шчырая, дабрадушная… Гэтыя чалавечыя якасці, якіх так часта не хапае ў сучасным грамадстве, напэўна, перайшлі дзяўчыне ад матулі Валянціны Аляксееўны. Глядзіш на іх, матулю і дачку, і шчыра радуешся. Яны, без перабольшвання, як адно цэлае. Трымаюцца за рукі. Галіна шукае позіркам вочы маці, у якіх заўсёды бачыць падтрымку і бясконцую любоў.
— Мая Галка – маё шчасце і багацце, — зазначае Валянціна Аляксееўна. – Мы як мага больш часу імкнёмся праводзіць разам. Разам ходзім у басейн, на аэробіку да Надзеі Пятроўны, падарожнічаем (напрыклад, нядаўна былі ў аквапарку), гатуем, завіхаемся на нашым невялічкім агародзе, вырошчваем кветкі, вазоны… Без маёй любімай дачкі, надзейнай памочніцы, я б не справілася. Вы б бачылі, які парадак у яе ў шафе, на стале, у сумцы… – усё на сваім месцы. Яна вельмі акуратная, не любіць бязладдзе, спакойная, крыху сарамлівая, але з моцным характарам.
А яшчэ Галіна, як кажуць, майстрыха на ўсе рукі: і вышывае, і малюе, і вяжа, і шые, і робіць кошыкі з паперы… Гэтаму ўсяму дзяўчыну навучылі ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў Бярэзінскага ТЦСАН, які яна наведвае з 2008 года.
— Больш за ўсё я люблю рабіць сардэчкі і коцікаў, — расказвала і тут жа паказвала свае работы Галіна. – А нядаўна навучылася вязаць. Вось звязала чахол для мабільнага тэлефона.
— Вам не перадаць словамі, якая я была шчаслівая, калі Галка прынесла дадому гэты чахол, расказвала, як яго майстравала, усміхалася, — падхоплівае гутарку Валянціна Аляксееўна. — Яе ўсмешка, шчаслівыя вочы, жаданне штосьці рабіць – для мяне скарб.
Я ўпэўнена, што Галіна наведвае аддзяленне з задавальненем. Тут жывая гутарка, сябры, і навыкі…
Увогуле, аддзяленне працуе з 8 да 17 гадзін. Сюды прыходзяць людзі з абмежаванымі магчымасцямі ва ўзросце ад 18 гадоў, некаторыя прыязджаюць нават з вёсак. Хтосьці прыходзіць да абеду, хтосьці – пасля, іншыя – цэлы дзень. Усе яны розныя, са сваімі захапленнямі, жаданнямі, талентамі, характарамі… У кожнага тут ёсць свой занятак па душы. А ў 10.30 збіраюцца за кубачкам чаю і смачнасцямі.Чай гатуюць самі, ды і іншыя простыя стравы ўмеюць прыгатаваць (гэтаму таксама вучаць у аддзяленні).
Галіне, ды, думаю, і ўсім наведвальнікам падабаюцца невялічкія “падарожжы” ў бібліятэку. Дзяўчына звычайна бярэ часопісы, кнігі па дызайне. Яе цікавіць, як лепш аформіць памяшканне, якія колеры спалучыць… Даспадобы і заняткі спортам. Адзін раз на тыдзень яны займаюцца ў “Лазурном”. Галіна трапна кідае мяч у баскетбольнае кальцо, добра гуляе ў тэніс. І, вядома ж, любіць спартыўныя спаборніцтвы, якія часта арганізоўваюць. Ды і, увогуле, з нецярпеннем чакае любое свята. Да свят рыхтуюцца
загадзя: танцы, спевы, вершы… У гэтым наведвальнікам аддзялення з задавальненнем дапамагае музычны кіраўнік аддзялення Тамара Іванаўна Дземяшкевіч. Запрашаюць бацькоў, робяць ім невялічкія падарункі-сувеніры. Дарэчы, 3 снежня – чарговая такая сустрэча з нагоды Дня інваліда. Запрашаюць усіх у 11.00 у тэрытарыяльны цэнтр.
— Для нас велізарнае шчасце, што ёсць у горадзе і цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання, які наведвала мая дачушка, і гэтае аддзяленне. Тут, як дома, — цёпла, утульна, да кожнага свой падыход (а гэта вельмі і вельмі няпроста!). Цудоўны калектыў. Вялікі дзякуй ад усіх матуль загадчыцы гэтага аддзялення Алене Валер’еўне Варановіч, інспектару па працоўнай тэрапіі Таццяне Уладзіміраўне Ждановіч, ды і ўвогуле ўсім супрацоўнікам. Яны, сапраўды, робяць усё магчымае, каб стварыць для нашых дзетак сямейную абстаноўку, дапамагаюць ім раскрыць свае таленты, вучаць гатаваць, мыць посуд, прыбіраць, развіваюць, напрыклад, маторыку рук, мову… І я спакойна адпраўляю сюды дачушку, а сама іду на працу. Ведаю, што яе тут ніхто не пакрыўдзіць, а навучыць чаму-небудзь новаму, карыснаму.
Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *