«Бярэзінская рампа» прайшла з аншлагам

Найлепшыя аматарскія тэатральныя калектывы Міншчыны сабраў XІ абласны фестываль народных тэатраў «Бярэзінская рампа» з 30 лістапада па 2 снежня ў Беразіно.

У багатай фестывальнай афішы была самая вядомая камедыя драматурга італьянскага тэатра Карла Гальдоні «Карчмарка» ў пастаноўцы тэатра Бярэзінскага РЦК. Легендарную «Матроскую цішыню» Аляксандра Галіча паказаў народны тэатр Палаца культуры «БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ» з Жодзіна. Тэатр імя Урсулы Радзівіл з Нясвіжа ўразіў  гледачоў сваёй версіяй п’есы Аляксея Дударава «Чорная Панна Нясвіжа» ў драме «Бог ёсць любоў!». Булгакаўская «Зойчына кватэра» з шыкам выканана тэатрам з Вілейкі. Драму «Клаўдзій» Яўгена Балакіна прадставіў барысаўскі заслужаны драматычны тэатр «Відарыс» .

Тэатр «Адлюстраванне» з Маладзечна выставіў на конкурс камедыю Валянціна Краснагорава «Спатканне па серадах або сцэны з сямейнага жыцця». Прыемна здзівіў і прымусіў задумацца гледачоў аўтарскі праект рэжысёра Дзмітрыя Шуманіна — сюррэалістычная камедыя «Міма дажджоў» слуцкага тэатра «Папараць-кветка».

У заключэнне ўдзельнікі і госці «Бярэзінскай рампы» паглядзелі спектакль народнага маладзёжнага тэатра «Штурх» Палаца культуры «БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ», які быў запрошаны на фестываль у якасці госця.

Ацэньвалі майстэрства выканаўцаў  кампетэнтнае журы на чале з заслужаным артыстам Беларусі, дэканам факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, прафесарам Уладзімірам Мішчанчуком, якое пад бурныя авацыі публікі  прысудзіла Гран-пры ХІ абласнога фестываля народных тэатраў “Бярэзінская рампа”  народнаму тэатру “Папараць –кветка”  Слуцкага гарадскога Дома культуры пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Шуманіна.

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *