Святочнае мерапрыемства сабрала нераўнадушных бярэзінцаў

 

Сяброўская, нават сямейная атмасфера панавала ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў панядзелак, 3 снежня. Ва ўтульнай, святочна ўпрыгожанай зале сабраліся наведвальнікі дзённага аддзялення для інвалідаў, іх бацькі, супрацоўнікі цэнтра, запрошаныя госці.

Шчыра вітаў прысутных дырэктар ТЦСАН, старшыня грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Антон Валер’евіч Кавалёў:

— Мне вельмі прыемна бачыць вас у нашым цэнтры. Удвая прыемна, што вы ўсміхаецеся. Дзякуй вам за моц, цярпенне, за тое, што змагаецеся з жыццёвымі праблемамі, перамагаеце іх. Жадаю вам здароўя, кахання, моцы. Мы і надалей будзем падтрымліваць вас, ладзіць розныя святы, мерапрыемствы. Памятайце, вы не забытыя, не пакінутыя – мы разам.

Вядучыя мерапрыемства ­- загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Алена Валер’еўна Варановіч і спецыяліст па сацыяльнай рабоце Таццяна Канстанцінаўна Пінчук – на працягу некалькіх гадзін трымалі прысутных у радасным напружанні, пільна сачылі, каб ніхто не сумаваў ні хвілінкі. На свяце была нават “цыганачка”. Усе з задавальненнем спявалі, танцавалі, удзельнічалі ў віктарынах і гульнях, частаваліся смачнасцямі з чаем. Думаю, усім прыйшоўся даспадобы музычны нумар-дэбют у выкананні Ганны Касьянчык і Аляксандра Мядоўнікава пад акампанемент музычнага кіраўніка аддзялення Тамары Іванаўны Дземяшкевіч. Радавала песнямі і старшыня раённай арганізацыі таварыства інвалідаў па зроку Таццяна Аляксееўна Кліменка. Госці ўважліва слухалі вершы пра любоў, сяброўства, шчасце, якія расказвалі Улад Калугін, Алена Ерасценка, Марына Кароль, Юрый Харытонаў, Ірына Федарынчык.

Боскага бласлаўлення, здароўя, шчасця, радаснага настрою жадалі ўсім сёстры міласэрнасці вялікапакутніка лекара Панцеляймона храма Мікалая Цудатворца Святлана Анатольеўна Мурог і Вольга Міхайлаўна Зяньковіч. Яны ж падарылі царкоўны каляндар на наступны год.

Звярнулася да прысутных і старшыня Бярэзінскай пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям­-інвалідам і маладым інвалідам” Наталля Віктараўна Вяргейчык:

— Радуе, што сёння шмат неабыякавых, міласэрных людзей, якія падтрымліваюць тых, каму неабходна наша ўвага, добрае слова, любоў. Хачу пажадаць усім, для каго дзень 3 снежня штосьці значыць, стойкасці, мужнасці, цярпення, цяпла, дабрыні, што ідзе ад сэрца. Ведаю, што гэта няпроста, але, паверце, магчыма.

Пад канец свята ўсіх чакалі падарункі ад “Белай Русі”. А спонсарам мерапрыемства выступіў аддзел прамысловасці Бярэзінскага райспажыўтаварыства.

Так, 3 снежня – гэта не свята, але, сапраўды, добрая нагода сабрацца, правесці час у добрай кампаніі, прадэманстраваць свае таленты, зарадзіцца бадзёрым настроем. І яшчэ раз пераканаць сябе, людзей вакол, што праблемы са здароўем – гэта не прычыны замкнуцца ў сабе, сядзець у “чатырох сценах” і скардзіцца на жыццё. І што яны, людзі з абмежаванымі магчымасцямі, такія як усе, са сваімі талентамі, якія могуць годна прадэманстраваць.

 

Юлія БУКЕЛЬ.

Фота аўтара.

Святочнае мерапрыемства сабрала нераўнадушных бярэзінцаў: 1 комментарий

  • 5 декабря 2018 в 20:07
    Permalink

    Замечательное мероприятие! Нужно побольше таких проводить, привлекать как можно больше людей. Делать праздник вместе. Ведь для людей, которые постоянно дома, такие мероприятия — настоящий праздник!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *