Хто з бярэзінцаў самы хуткі на вадзе?

Раённая штогадовая спартакіяда сярод калектываў фізічнай культуры ў поўным разгары: 29 лістапада на базе Бярэзінскай спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву прайшлі спаборніцтвы па плаванні. У рамках мерапрыемства каманды змагаліся ў эстафеце 4х50 і на дыстанцыях па 50 (жанчыны) і 100 метраў (мужчыны).

Па выніках спаборніцтваў яшчэ адну перамогу ў скарбонку сваіх поспехаў на спартакіядзе паклала каманда раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях у складзе Сцяпана Мікалаевіча Рафальскага, Максіма Валер’евіча Някрасава, Аліны Леанідаўны Халюковай, Лідзіі Васільеўны Васільковай. Яны паказалі найлепшы час спаборніцтваў.
Другое месца суддзі аддалі камандзе Бярэзінскай раённай бальніцы ў складзе Анатоля Пятровіча Гарбацэвіча, Мікіты Андрэевіча Чэмбровіча, Валянціны Іосіфаўны Крушавай і Алесі Мікалаеўны Чэпік.


Трэці вынік паказала каманда ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама ў складзе Святланы Уладзіміраўны Кляшчонак, Цімафея Анатольевіча Татаронка і Аляксандра Мікалаевіча Зябко.


— Вынікі спаборніцтваў па плаванні нас прыемна парадавалі, — расказаў нам галоўны суддзя спаборніцтваў, дырэктар фізкультурна-аздараўленчага цэнтра “Лазурный” Васіль Сяргеевіч Аўчарэнка, — бо пабачылі мы тут дагэтуль невядомых нам аматараў плавання і здаровага ладу жыцця. Таму маем намер і далей уключаць гэты від спорту ў праграму раённай спартакіяды.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *