Каб планету ратаваць, трэба смецце раздзяляць

Гэтыя словы з ужо вядомай многім песні юных экамэнаў заўсёды будуць актуальнымі. Бо, сапраўды, кожны з нас сваім укладам у агульную справу па раздзельным зборы смецця можа выратаваць ад забруджвання малую радзіму, краіну і нават цэлую планету. Менавіта ад нашага імкнення і жадання, у першую чаргу, залежыць, якім паветрам будзем дыхаць і якую ваду піць. Цікава, а ці ўсведамляюць гэта бярэзінцы? І ўвогуле, як справы са зборам другасных матэрыяльных рэсурсаў у нашым горадзе і раёне.

— Збор і нарыхтоўку другасных матэрыяльных рэсурсаў на тэрыторыі нашага раёна вядуць райспажыўтаварыства, жыллёва-камунальная гаспадарка і прыватныя арганізацыі. Нарыхтоўка ажыццяўляецца праз сістэму прыёмных пунктаў, а таксама дзякуючы раздзельнаму збору адходаў ад насельніцтва праз устаноўленыя кантэйнеры для другасных матэрыяльных рэсурсаў з далейшай іх сарціроўкай. Прыемна адзначаць, што людзі паступова набываюць звычку выкідваць адходы шкла, палімераў, паперы і кардону ў спецыяльна прадугледжаныя для гэтага кантэйнеры. За мінулы перыяд бягучага года аб’ём сабраных агульнымі намаганнямі асноўных відаў другасных матэрыяльных рэсурсаў у Бярэзінскім раёне ў 1,2 раза перавысіў мінулагодні паказчык і склаў 810,4 тоны, — пракаменціравала начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама А.А. Лешкевіч.
Многія гараджане ўжо, напэўна, заўважылі, што ў жылым сектары з’явіліся новыя еўракантэйнеры з рознакаляровымі надпісамі “шкло”, “папера”, “пластык”, устаноўленыя з мэтай прыцягнуць увагу людзей да раздзельнага збору адходаў. Кантэйнеры больш зручныя і ёмістыя. Акрамя таго, зачыненыя, што дапаможа пазбегнуць наяўнасці тут іншага смецця.
— РКУВП “Бярэзінская ЖКГ” у бягучым годзе закуплена 220 еўракантэйнераў для збору другасных рэсурсаў і 164 кантэйнеры для цвёрдых камунальных адходаў. Устаноўка апошніх на дадзены момант яшчэ працягваецца, — адзначыла Алена Аркадзьеўна.
Трывогу выклікае тое, што склад смецця штогод кардынальна змяняецца. І сучасныя бытавыя адходы ўяўляюць сабой небяспечную сумесь з разнастайнага пластыку, адходаў бытавой тэхнікі, штучных матэрыялаў упакоўкі, батарэек і многага іншага. Без сартавання ўсе яны разам з бытавымі адходамі трапляюць на палігон. Толькі ў адрозненне ад бытавых — раскладаюцца сотні гадоў і вылучаюць пры гэтым таксічныя рэчывы ў глебу, ваду і паветра.
— Такія небяспечныя адходы ні ў якім разе нельга змешваць з агульным смеццем. Адпрацаваныя батарэйкі і акумулятары неабходна выкідваць у спецыяльныя кантэйнеры. Старую бытавую тэхніку — здаваць у пункты прыёму. Дарэчы, паслугу па вывазе непатрэбных тэлевізараў, пральных машын і іншай буйнагабарытнай тэхнікі аказвае Бярэзінская ЖКГ. Раздзельны збор другасных рэсурсаў дапамагае значна скараціць аб’ёмы смецця, што паступае на захаванне, а значыць зменшыць забруджванне навакольнага асяроддзя, — падкрэсліла А.А. Лешкевіч.
Менавіта на гэта штогод скіраваны сілы і намаганні розных службаў раёна. Вядзецца работа па рэкультывацыі міні-палігонаў, уладкоўваюцца кантэйнерныя пляцоўкі ў аграгарадках і вёсках раёна, у жылым
фондзе горада набываюць пашырэнне еўракантэйнеры для збору другасных матэрыяльных рэсурсаў. У планах – устаноўка станцыі сартавання смецця.
— Але ў гэтым накірунку яшчэ многае давядзецца зрабіць, каб дасягнуць жадаемых вынікаў. І тут не абысціся без асабістага ўкладу кожнага з нас у агульную справу. Па-першае, неабходна зменшыць аб’ём захавання смецця на палігонах. Па-другое, навучыцца сартаваць адходы. Па-трэцяе, атрымліваць з іх карысць пасля перапрацоўкі. Бо менавіта ўсё гэта разам дазволіць нам пазбавіцца ад небяспечных умоў жыцця, — рэзюміравала Алена Аркадзьеўна.

Алена МУРАЧ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *