Работа і захапленні бярэзінскага энергетыка

У рэжыме высокага напружання… Сапраўды, работу інспектара Бярэзінскай раённай інспекцыі “Энерганагляд” Віктара Францавіча Дземяшкевіча па-іншаму не назавеш. Штодзень ён займаецца вырашэннем важных задач, звязаных з папярэджваннем аварый і няшчасных выпадкаў на прадпрыемствах, у арганізацыях і дамах бярэзінцаў. Інспектар ажыццяўляе нагляд за тэхнічным станам электраўстановак, іх эксплуатацыяй, выдае рэкамендацыі на выпраўленне недахопаў, выязджае ў рэйды па выяўленні крадзяжоў электраэнергіі, праводзіць растлумачальную работу з насельніцтвам наконт правіл абыходжання з электраэнергіяй. Нягледзячы на шырокі спектр абавязкаў і кантралюючы характар дзейнасці, ён заўсёды імкнецца дапамагчы, падказаць, накіраваць. Бо ў рабоце і па жыцці кіруецца прынцыпам: у любой сітуацыі заставацца чалавекам.

Яшчэ ў школьныя гады ў Віктара завязалася сяброўства з электраэнергіяй. З задавальненнем ён наведваў заняткі ў гуртку. Тут упершыню пад кіраўніцтвам педагога збіраў па схемах святлафор і агні ілюмінацыі. Цяжкасцей не ўзнікала, створаныя сваімі рукамі канст-рукцыі атрымліваліся ўдальмі. І ад гэтага яшчэ больш гарэлі вочы юнака.
Адначасова Віктар праяўляў цікавасць і да лёгкай атлетыкі. Але спартыўную кар’еру строіць не збіраўся. Ды і словы бацькі, што вучоба дапаможа зарабіць на кавалак хлеба, адыгралі вызначальную ролю.
Студэнцкія гады ў Магілёўскім саўгасе-тэхнікуме праляцелі незаўважна — і Віктар маладым спецыялістам вярнуўся на радзіму, у Клічаў, дзе знайшоў першае працоўнае месца ў райаграпрамэнерга. Але доўга тут не затрымаўся. Малады і ініцыятыўны, ён адразу заявіў аб сабе і быў накіраваны на далейшую вучобу ў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі. Тут жа сустрэў і сваю суджаную Тамару. У хуткім часе маладыя ажаніліся. А крыху пазней — стаялі на шляху выбару. Справа ў тым, што Тамара, згодна з размеркаваннем па месцы жыхарства, трапляла ў Беразіно, а Віктар меў накіраванне ад Клічаўскага райаграпрамэнерга і павінен быў вярнуцца ў арганізацыю. На сямейным савеце вырашылі працаўладкоўвацца на радзіме жонкі, бо вучобу яна заканчвала раней, а значыць, не за гарамі былі размеркаванне і яе ад’езд у Беразіно.
Знаёмства з раёнам у Віктара пачалося з ПМК-182. Тут ён працягваў свой працоўны шлях і набіраўся вопыту. І тут жа канчаткова ўсвядоміў, што знайшоў працу па душы. Сведчылі пра гэта і 18 гадоў жыцця, якія прысвяціў арганізацыі, дзе паступова прайшоў ступені ад электраманцёра да галоўнага энергетыка.
Змяняліся часы, месца працы і кола абавязкаў, але заставалася вернасць абранай справе, а таксама нязгаснае імкненне да пастаянства і стабільнасці. Усё гэта больш за 10 гадоў назад Віктар Францавіч знайшоў у раённай інспекцыі “Энерганагляд”, тагачасным кіраўніком якой быў Уладзімір Іосіфавіч Сушыцкі.
У інспекцыі В.Ф. Дземяшкевіча характарызуюць як добрасумленнага і адказнага работніка з творчым падыходам да справы, які ў сваёй працы кіруецца правілам: не толькі праверыць, але і аказаць дапамогу людзям. Уласныя якасці і прафесіяналізм дапамаглі яму заваяваць аўтарытэт у калег, спажыўцоў і кіраўніцтва.
Энергетычная галіна хоць і небяспечная, але поўнасцю задавальняе патрэбы Віктара Францавіча. Гэта і матэрыяльны дабрабыт, і магчымасць дапамагаць людзям у вырашэнні складаных пытанняў. І ўрокі бяспекі, дзе ў даступнай і нагляднай форме дзеці пад кіраўніцтвам старэйшага сябра авалодваюць правіламі паводзін з электраэнергіяй. А таксама няспыннае самаўдасканаленне і развіццё, без якіх немагчыма ісці ў нагу з часам і арыентавацца ў імклівым моры інфармацыі.
Нягледзячы на адданасць любімай справе, галоўным дасягненнем свайго жыцця В.Ф. Дземяшкевіч лічыць сям’ю. З гонарам адзначае поспехі дзяцей Яўгенія і Таццяны, шчыра радуецца першым перамогам унукаў Ганначкі і Цімурчыка. З роднымі людзьмі імкнецца ён правесці кожную свабодную хвіліну. Але знаходзіць час і для хобі. Не парывае сувязей са спортам. Раней займаўся футболам і валейболам. Неаднаразова абараняў гонар навучальных устаноў і арганізацый на спаборніцтвах розных узроўняў. Цяпер адточвае навыкі ігры ў настольны тэніс.
Асалоду атрымлівае і ад яднання з прыродай. Любіць пасядзець з вудай на беразе, бо рыбалка дорыць яму душэўны спакой. У сезон разам з жонкай займаецца нарыхтоўкай грыбоў і ягад. А таксама — доглядам пладовага сада і дачнага ўчастка, каб забяспечыць сям’ю экалагічна чыстай прадукцыяй. Прыгожы ўнутраны свет Віктара Францавіча раскрываюць яго творчыя знаходкі — створаныя з драўніны рэчы, якія ўдала ўпісваюцца ў інтэр’ер кватэры і дачы.
Алена МУРАЧ.

Фота Юліі БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *