Навагоднія сюрпрызы ад раёнкі

Сюрпрызамі, усмешкамі, добрым настроем, прыемнымі момантамі, святочнай атмасферай быў напоўнены абласны Дзень падпісчыка ў гарадскім аддзяленні паштовай сувязі.

Ужо з 11 гадзін раніцы тут было мнагалюдна. Бярэзінцы маглі без чаргі і лішніх клопатаў аформіць падпіску на газеты і часопісы, што прыйшліся ім па душы, а таксама стаць уладальнікамі сувеніраў і падарункаў, падрыхтаваных “Бярэзінскай панарамай” і рэспубліканскімі выданнямі для пастаянных падпісчыкаў. Акрамя таго, набыць канверты і паштоўкі, каб парадаваць сваіх родных і блізкіх напярэдадні надыходзячых свят. Прыемна адзначыць, што сярод мноства выданняў нашы землякі аддавалі перавагу менавіта раёнцы, роднай і блізкай, знаёмай з дзяцінства.

Любоў да мясцовай газеты ўласным прыкладам прывілі бацькі Алене Сяргееўне Сай. Шмат гадоў жыцця прысвяцілі яны сельскай гаспадарцы, таму ў сям’і асаблівая ўвага заўсёды надавалася матэрыялам з вясковага жыцця. Захавалася гэта добрая звычка і сёння. Разам з тым, цікавяць Алену Сяргееўну навіны сістэмы адукацыі і школьных будняў, што друкуюцца на старонках раёнкі. Практычнае прымяненне знаходзяць парады бацькам. Асалоду і станоўчыя эмоцыі дораць артыкулы аб працоўных дасягненнях мужа. Спадзяёмся, што не менш пазітыву прынясе ёй і падарункавы абанемент на наведанне фізкультурна-аздараўленчага цэнтра “Лазурный”.

Даўным-даўно завязалася сяброўства з раённай газетай у сям’і Халадцовых. Вось і на гэты раз Людміла Уладзіміраўна з дачкой Вольгай завіталі ў аддзяленне, каб аформіць паўгадавую падпіску на “Бярэзінскую панараму” для бабулі Марыі Андрэеўны Масяйчук. Да чаго ж вялікім было іх здзіўленне, калі разам з падпісным квітком яны атрымалі сертыфікат на паслугі па манікюры ад студыі прыгажосці Лантана.

Падпісчыкам са стажам з’яўляецца і Святлана Яўгеньеўна Варуева. “Бярэзінская панарама” для яе – люстэрка душы раёна. А таксама захавальнік традыцый, у ліку якіх — віншаванне праз газету родных і блізкіх напярэдадні юбілейных дат. Магчыма, добрай звычкай стане для яе і прагляд фільмаў на вялікім экране “Юбілейнага”, што ў пераднавагоднія і калядныя дні запрашае ўсіх аматараў камедый і добрага кіно на святочныя прэм’еры.

Так, шмат усмешак абяцае гледачам фінальная частка навагодняга сямейнага блакбастара “Ёлкі апошнія”. “Цвіком” надыходзячага свята павінен стаць фільм “Паліцэйскі з Рублёўкі. Навагодні беспарадак”, што глядзіцца на адным дыханні і выклікае буру станоўчых эмоцый. А калі верыць тэорыі, што смех падаўжае жыццё, то яшчэ і зараджае на несмяротнасць. Адпачыць усёй сям’ёй можна падчас прагляду аднаго з лепшых расійскіх паўнаметражных мультфільмаў “Снежная королева: Зазеркалье”. Карціна яскрава адлюстроўвае, як вера ў дабро і сяброўства дапамагаюць пераадолець жыццёвыя нягоды.

Паважаныя чытачы, прыемнага вам прагляду, цікавых навін і яшчэ больш падарункаў ад раённай газеты ў новым годзе.

Дарэчы, пераднавагоднія сюрпрызы чакаюць таксама і тых падпісчыкаў, што з года ў год застаюцца вернымі раёнцы і актыўна папулярызуюць выданне сярод мясцовых жыхароў і гасцей Бярэзіншчыны.

Дзякуем за дапамогу ў арганізацыі і правядзенні Дня падпісчыка ДЮСШ алімпійскага рэзерву і ФАЦ “Лазурный”, індывідуальнаму прадпрымальніку Юліі Акікі, аддзелу па кінавідэаабслугоўванні насельніцтва Бярэзінскага раёна.

Алена МУРАЧ.

Фота Юліі БУКЕЛЬ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *