Прывілеі «свецяць» і спартсменам!

З 8 па 12 студзеня адразу звыш 30 бярэзінскіх вучняў не прыступілі да заняткаў у школах: яны прымалі ўдзел у трэцім абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па 18 вучэбных прадметах. Сёлета гэтыя алімпійскія “спаборніцтвы” сабралі амаль тысячу вучняў старэйшых класаў  агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай  адукацыі.

Трэці этап рэспубліканскай алімпіяды праходзіў на базе ўстаноў адукацыі  9 гарадоў — Жодзіна, Маладзечна, Слуцка, Вілейкі, Барысава, Узды, Нясвіжа, Салігорска і Мінска.

Так, у сталічным абласным інстытуце развіцця адукацыі паміж сабой змагаліся знаўцы англійскай, нямецкай, іспанскай, французскай і кітайскай моў. У Мінскім дзяржаўным абласным ліцэі веды паказвалі эрудыты біялогіі, а ў  Маладзечна – юныя хімікі.  Аматараў царыцы навук сабраў  старадаўні Нясвіж, дзе ў  гімназіі і каледжы былі наладжаны спаборніцтвы матэматыкаў. Знаўцы геаграфіі дзяліліся ведамі ў Уздзенскай раённай гімназіі і сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі. Аматары інфарматыкі высадзілі свой прадстаўнічы дэсант у слуцкай сярэдняй школе №12 і каледжы. Алімпіяда па працоўным навучанні вітала юных майстроў у сярэдніх школах і прафесійным ліцэі Жодзіна.

Вілейскі каледж расчыніў дзверы для юных фізікаў і астраномаў, а барысаўская навучальная ўстанова  —  для  знаўцаў гісторыі і грамадазнаўства.  А вось філолагі амаль цэлы тыдзень “тусаваліся” ў Салігорскім каледжы.

Такая шырокая геаграфія алімпійскіх спаборніцтваў была прадумана  ўпраўленнем адукацыі Мінаблвыканкама,  а для таго, каб кожны ўдзельнік абласнога этапу не толькі паказаў увесь свой інтэлектуальны  патэнцыял, але і змог атрымаць пэўную дадатковую інфармацыю,  узбагаціцца эмоцыямі пры наведванні экскурсій, музеяў, культурна-забаўляльных мерапрыемстваў.

Не менш адказным, насычаным і напружаным гэты тыдзень стаў і для 175  выкладчыкаў, якія ўвайшлі ў склад журы. Вядучым спецыялістам НАН Беларусі, устаноў вышэйшай адукацыі, настаўнікам і выкладчыкам сталіцы і Мінскай вобласці  давялося  выбіраць склад вучнёўскай алімпійскай каманды,  якая прадставіць цэнтральны рэгіён  на заключным этапе  рэспубліканскіх спаборніцтваў.

Застаецца дадаць, што сёлетні “алімпійскі” год – стане асаблівым.  Упершыню на базе гімназіі, сярэдняй школы,  дзяржаўнага каледжа і санаторнай школы – інтэрната  былі наладжаны спаборніцтвы па прадмеце “Фізічная культура і здароўе”.  Цяпер пераможцы і прызёры сярод аматараў здаровага ладу жыцця на роўных з іншымі юнымі інтэлектуаламі атрымаюць прывілеі  пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы спартыўнага профілю.

Мілана ТРАПЯНОК.    

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *