Акцыя “Бяспечнае асяроддзе для дзяцей” праходзіць на Бярэзіншчыне

З 23 снежня 2018 года па 15 студзеня 2019 года ў нашым раёне праходзіць прафілактычная акцыя “Бяспечнае асяроддзе для дзяцей”. Вядома ж, адно з галоўных мерапрыемстваў – рэйды. Таму кожны дзень у шматдзетныя сем’і, апякунскія, нядобранадзейныя, “складаныя”… выязджаюць міжведамасныя групы. У іх склад уваходзяць члены камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, супрацоўнікі РАУС, РАНС, ЦРБ, сацыяльнай сферы і іншыя. У адзін з такіх рэйдаў напярэдадні навагодніх свят мы і адправілся з дырэктарам Пагосцкага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа Міхаілам Мікалаевічам Маркоўскім, інспектарам інспекцыі нагляду і прафілактыкі РАНС Наталляй Іванаўнай Сінкевіч, намеснікам дырэктара Бярэзінскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Таццянай Яўгенаўнай Рудзянковай.

 

Галоўныя задачы акцыі — правядзенне растлумачальнай работы з бацькамі і дзецьмі аб правілах абыходжання з пажаранебяспечнымі прадметамі і піратэхнічнымі вырабамі, аб захаванні асабістай бяспекі дзяцей на дарогах, лядовых катках, на вуліцах і ў іншых грамадскіх месцах, папярэджанне дзіцячага траўматызму ў перыяд навагодніх і калядных свят, выяўленне сем’яў з дзецьмі, у якіх не створаны належныя ўмовы для выхавання і пражывання. Таму члены рэйдавай групы правяраюць усё: ці захоўваюцца санітарныя нормы, нормы пажарнай бяспекі, ці назапашаны дровы на зіму, ці акуратныя, чыстыя дзеці, ці ёсць неабходнае адзенне ў дзяцей, пасцельная бялізна, ложак, “куток” вучня, ежа, звяртаюць увагу і на знешні выгляд бацькоў… Магчыма, некаторыя думаюць: “Навошта чужыя людзі лезуць у нашу сям’ю з парадамі, навошта прыходзяць да нас?!” Адказ просты: каб захаваць сям’ю, здароўе і жыццё дзяцей.
Падчас рэйду мы наведалі розныя сем’і, што пражываюць у вёсках Васілеўшчына, Высокая Гара, аграгарадку Пагост. У кожным доме адчуваўся святочны настрой: ёлкі, гірлянды, сняжынкі. Бацькі з радасцю сустракалі “гасцей”, дзеці расказвалі пра тое, што папрасілі ў Дзядулі Мароза, пра ранішнікі ў школах і дзіцячых садках… У членаў рэйдавай групы былі, здаецца, нязначныя, але жыццёва важныя заўвагі і папярэджанні: памяняць батарэйку ў аўтаномным пажарным апавяшчальніку, прыбіць ліст каля печы, навесці парадак у доме і ў двары…


— Са святам, дарагія бацькі і дзеці. Жадаем вам моцнага здароўя, шчасця, — з такімі словамі звярталіся да кожнага ў гэты дзень члены рэйдавай групы. – Калі ласка, думайце заўсёды пра тое, што робіце. Дарагія бацькі, менавіта вы ў першую чаргу павінны вучыць дзетак мерам бяспечных паводзін, як правільна пераходзіць праезджую частку дарогі, тлумачыць, што нельга хадзіць па тонкім лёдзе, гуляць з запалкамі, піратэхнічнымі вырабамі… Прыслухоўвайцеся, калі ласка, да нашых парад, не ігнаруйце іх. Думаем, не вельмі складана, да прыкладу, памяняць батарэйку ў пажарным апавяшчальніку. А гэта можа выратаваць вам здароўе і жыццё.
Вядома ж, падчас такога “святочнага” рэйду ўручалі і невялікія падарункі: наглядныя брашуры, каляндарыкі ад службы выратавання. А маленькі хлопчык у сям’і Цэдрык з вёскі Высокая Гара шчыра радаваўся салодкаму падарунку, адразу ж пачаў разглядаць каляровую каробачку.
Увогуле, у гэты дзень нас у кожным доме сустракалі з радасцю, задавалі пытанні, якія хвалююць, раіліся, як лепш паступіць у той альбо іншай сітуацыі. Гэта яшчэ раз пацвярджае, што галоўная мэта такіх рэйдаў — не пакараць, а дапамагчы, падказаць, навучыць. Спадзяёмся, што такая шматгранная прафілактычная работа будзе мець вынікі. І канікулы, зімовыя святы для дзяцей і для дарослых — вясёлымі, насычанымі падзеямі, станоўчымі эмоцыямі і, вядома ж, бяспечнымі!

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *