Бярэзінцы далучыліся да акцыі «Міншчына спартыўная»

5 студзеня ў Мінскай вобласці стартавала акцыя “Міншчына спартыўная”. Актыўнымі ўдзельнікамі яе сталі бярэзінскія школьнікі, якім у апошнія дні зімовых канікулаў упраўленне па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама наладзіла насычаную панараму разнастайных спартыўных спаборніцтваў.

Пачыналі акцыю аматары плавання, якія сабраліся на абласныя спаборніцтвы “Кубак надзеі” на базе дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву. У іх бралі ўдзел 365 юнакоў і дзяўчат у складзе 18 каманд з розных раёнаў Мінскай вобласці. На жаль, нікому з бярэзінскіх плыўцоў не ўдалося трапіць у тройку мацнейшых, але гэта пакуль, бо частка з іх спынілася ў кроку ад пераможнага п’едэстала.
Затое парадавалі ўсіх і зарадзілі бадзёрым зімовым настроем аматары тэхнікі лыжнага турызму. Яны 6 студзеня на базе турыстычнага цэнтра “Юнацтва” памераліся сіламі ў стральбе, лыжных гонках і лыжным турызме са школьнікамі з Чэрвеньскага раёна. Тут не было роўных у выпрабаваннях ва ўзроставых групах Вікторыі Карчашка, Настассі Слабко, Уладзіславу Комару з Капланецкай СШ, Вікторыі Прымачонак, Дзянісу Бураму і Аляксандру Акулічу з Гарэніцкай СШ, а прызёрамі заслужана сталі Марыя Курач, Дар’я Караткевіч, Ганна Самец, Дзмітрый Грыбко, Арцём Гарошка з Капланецкай СШ, Мілана Свірыд, Ілона Кунавіч з Паплаўскай СШ, Ілья Крушны з Бярэзінскай гімназіі, Аляксей Базыленка, Стас Прымачонак, Кірыл Буры з Гарэніцкай СШ.
Працягнула эстафету спартыўных спаборніцтваў 6 студзеня “Калядная лыжня”, наладжаная каля штучнага возера па вуліцы Перамогі горада. Паўдзельнічаць у ёй запрашаліся не толькі школьнікі, але і ўсе аматары лыжных гонак. На запрашэнне адгукнуліся звыш ста чалавек, сярод якіх былі бацькі з дзецьмі, цэлыя сем’і і маладыя людзі, якія вырашылі пакінуць утульныя канапы і паспрабаваць свае сілы ў лыжах. Усіх іх цёпла вітаў у марозны сонечны дзень начальнік упраўлення спорту і турызму Мінаблвыканкама Яўгеній Васільевіч Булойчык, а апошнія парады і рэкамендацыі лыжнікам даваў галоўны суддзя Дзмітрый Мікалаевіч Ванькевіч. Аднак яны не спатрэбіліся лыжнікам, якія з першых метраў уключыліся ў спартыўную барацьбу. Уздоўж трасы іх актыўна і горача падтрымлівалі балельшчыкі і казачныя навагоднія персанажы, таму адчуць сябе пераможцам змог кожны, бо атрымаў магутны зарад сіл, аптымізму і салодкі падарунак на фінішы ад Дзеда Мароза і Снягуркі.
— На лыжах не стаяла даволі даўно, — гаварыла Ірына Леанідаўна Дубовік, — але вырашыла ўспомніць сваё гарэзлівае дзяцінства. З дыстанцыяй у свае 50 з хвастом справілася трэцяй, апярэдзілі маладая жанчына і нявестка. Але ў мяне ёсць сілы і запал апярэдзіць іх у наступны раз на бярэзінскай лыжні!
Застаецца дадаць, што акцыя “Міншчына спартыўная” працягне сваё зімовае шэсце.
— Ужо ў суботу на базе турыстычнага цэнтра “Юнацтва” ў вёсцы Жорнаўка запланаваны раённыя лыжныя спаборніцтвы для школьнікаў, — удакладніла начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Алеся Аляксееўна Цітова. — У нашай праграме яшчэ мноства разнастайных спаборніцтваў, удзельнікамі якіх можа стаць не толькі дзятва, але і кожны жадаючы. Балазе, у бліжэйшы час у горадзе з’явяцца лыжныя трасы, у поўную моц працуе каток, а спартыўны інвентар заўсёды можна ўзяць напракат у фізкультурна-аздараўленчым цэнтры “Лазурный”.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *