Давяраю як сабе

Мікалай Мікалаевіч Аўтухоў,  намеснік начальніка РАУС:

— Маё першае знаёмства з раённай газетай адбылося прыкладна гадоў 16 – 17 таму, калі я прыступіў да работы старшым інспектарам аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі раённай міліцыі. Складана было спачатку асвойвацца на міліцэйскай службе ў чужым для мяне раёне. Але на дапамогу прыйшла тагачасная газета ”Сцяг Леніна”. Добра памятаю  свае ўражанні, калі ўпершыню чытаў яе матэрыялы. Яна ўжо тады вылучалася сярод мноства перыядычных выданняў сваім уласным стылем падачы матэрыялаў, жывым поглядам на праблемы, вострай крытыкай і сатырай, непадробным творчым почыркам журналістаў. Таму і выбраў я раённую газету дапаможнікам для знаёмства з жыццём Бярэзіншчыны, кіраўнікамі, спецыялістамі, людзьмі з мясцовых прадпрыемстваў і ўстаноў. Трэба аддаць належнае карэспандэнтам. Яны праўдзіва і трапна паказвалі кіраўнікоў, не баяліся данесці да чытачоў іх смелыя думкі.
Дапаможнікам газета засталася мне і сёння ў нялёгкай і мітуслівай міліцэйскай службе. Не раз даводзілася з дапамогай яе ўшчуваць злосных  парушальнікаў, якія як агню баяліся пабачыць сваё прозвішча на старонках выдання. Памятаю выпадак. Затрымалі маладога  вадзіцеля — ліхача, у якога на рахунку было ўжо некалькі парушэнняў. Мужчына амаль са слязамі на вачах упрошваў дарожнага інспектара выпісаць яму максімальную суму штрафу, але не друкаваць яго прозвішча ў газеце, бо бацькі машыну забяруць і сораму ў горадзе не абярэшся!
Такі вялікі аўтарытэт раённага выдання сярод бярэзінцаў падштурхнуў мяне даверыць ёй свае першыя спробы пяра. Так пасля невялічкай апрацоўкі тагачаснага намесніка рэдактара Гертруды Шчур у “Літаратурнай старонцы” былі надрукаваны мае фантастычныя апавяданні. Яны выклікалі вялікую цікавасць у калег і дагэтуль служаць рухавіком маёй літаратурнай творчасці. Той газетны аркуш пачэсна ўвайшоў у наш сямейны архіў разам з іншымі публікацыямі, дзе ўзгадвалася мая сям’я. Самы каштоўны з іх матэрыял “Жонка ёсць жонка”, прымеркаваны да жаночага свята. Тут у размове з карэспандэнтам я шчыра расказаў пра жонку, дзяцей, каханне і згоду ў сем’ях, зычыў суджанай і ўсім жанчынам раёна не шкадаваць для мужчын слоў пяшчоты і цяпла, добрага слова. Гэтыя пажаданні і праз столькі гадоў не стамляюся гаварыць на свята прыгажуням у форме.
Сёння ў мой дом паштальён штодня прыносіць цяжкі стос газет, а ў мабільным тэлефоне стракаціць чарга навін на самыя розныя тэмы. Аднак дзеці, жонка і я ў першую чаргу гартаем раёнку. Тут кожны знойдзе артыкул па душы. Таму газеце давяраю, па ёй вывя-раю рытм жыцця, ёй веру і не стамляюся здзіўляцца творчаму гарэнню, пачатак якога – добрае слова пра людзей!

Фота Юліі БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *