«Бярэзінская панарама» — мая газета

Сяргей Віктаравіч МАСЮК, урач-гігіеніст ГУ “Бярэзінскі РЦГЭ”:

— Ведаеце, у маю паштовую скрыню, ды і на работу трапляе даволі шмат перыядычных выданняў. Газеты выпісваем розныя. Але, шчыра кажучы, на любімую раёнку апошнія гады падпісваюся пастаянна. А як жа іначай?! Адкуль чэрпаць інфармацыю пра падзеі ў раёне, лепшых работнікаў, святы, мерапрыемствы, калі не з раёнкі?
Дарэчы, я не мясцовы, прыехаў на Бярэзіншчыну ў 1992 годзе, тады пачаў працаваць у РЦГЭ. І сёння ўжо лічу сябе бярэзінцам, а “Бярэзінскую панараму” – сваёй, любімай газетай. Дзякуючы ёй знаёмлюся з жыхарамі раёна, мясцовымі традыцыямі, святамі… Вельмі падабаецца чытаць матэрыялы пра вёсачкі, якія друкуюцца пад рубрыкай “Жыве мая вёска”. З задавальненнем знаёмлюся з артыкуламі пад рубрыкамі “Асоба”, “Пасля падзеі”, “Крымінал за тыдзень”, “Ваша слова, чытачы”, “Спорт”, “Да ведама” і іншыя.
Радуе, што ў раёнцы часта друкуюцца нашы прафілактычныя артыкулы, матэрыялы пра здаровы лад жыцця, пра лепшых урачоў — ды і ўвогуле, шмат увагі надаецца медыцынскай тэматыцы. Бясспрэчна, іх чытаю ў першую чаргу. Даспадобы і тэматычныя старонкі, аддаю перавагу “Экалагічнай”, бо артыкулы, што друкуюцца ў ёй, непасрэдна звязаны з маёй работай.
Жонка таксама чытае раёнку ад першай да апошняй старонкі. Ёй падабаюцца матэрыялы пра людзей, святы, што праходзяць у раёне. Вядома ж, не застаюцца без увагі і віншаванні. А рэцэпты, што друкуюцца на старонках газеты, не раз былі апрабаваны на нашай кухні.
Дзякуй калектыву рэдакцыі за змястоўныя, актуальныя матэрыялы. Жадаю поспехаў, творчага натхнення, новых тэм і ідэй, каб і надалей радавалі нас свежымі навінамі.

Запісала Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *