Акцыя “Наш жывёлавод” крочыць па Бярэзіншчыне

Штогадовая рэспубліканская прафсаюзная акцыя “Наш жывёлавод” крочыць па Бярэзіншчыне. Нагадаем, распачалася яна напрыканцы мінулага года. Сённяшнім прыпынкам на яе шляху стала малочнатаварная ферма “Мікулічы” ААТ “Першамайскі”.
Сюды з прыемнымі сюрпрызамі завіталі галоўны прававы інспектар працы Мінскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу А.А. Лагвінец і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК М.А. Каўзуновіч. Да цырымоніі ўзнагароджання далучыліся кіраўнік сельгаспрадпрыемства В.М. Аўтухоў і лідар прафсаюзнай пярвічкі І.М. Дулькевіч

— Мэта акцыі — не толькі адзначыць пра-цоўныя поспехі вяскоўцаў, але і пазнаёміцца з умовамі іх працы, а таксама дапамагчы знайсці адказы на хвалюючыя пытанні, — зазначыла Марына Аляксандраўна.
Як высветлілася падчас гутаркі, створанымі на ферме ўмовамі працы работнікі задаволены. Адчуваюць яны і падтрымку прафсаюза. Уключае яна матэрыяльныя выплаты па калектыўным дагаворы, прадастаўленне тэхнікі, аказанне дапамогі пры правядзенні палявых работ і іншае.
Прыемным момантам сустрэчы стала ўзнагароджанне. За добрасумленнае стаўленне да выканання сваіх абавязкаў, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў і адданасць абранай справе падзячныя лісты і матэрыяльныя заахвочванні ад прафсаюза атрымалі аператар машыннага даення Марыя Еўланцьеўна Шасцель, жывёлаводы Сямён Георгіевіч Волкаў і Алена Іванаўна Ермалінская.
Больш за два дзясяткі гадоў прысвяцілі сельскай гаспадарцы С.Г. Волкаў і М.Е. Шасцель. Сваёй шчырай і плённай працай заслужылі яны аўтарытэт і павагу кіраўніцтва і калектыву. Так, у групе Марыі Еўланцьеўны ўдой малака на адну карову ў мінулым годзе склаў 3614 кілаграмаў. Бяруць прыклад з вопытных работнікаў і прадстаўнікі маладога пакалення. Сярод іх — А.І. Ермалінская.
Не засталіся па-за ўвагай і іншыя работнікі фермы. Гучала ў іх адрас шмат добрых слоў пажаданняў і падзякі за нялёгкую працу. У якасці падарункаў прафсаюз падрыхтаваў для іх кубкі і салодкія прысмакі.
— Няхай у вашым калектыве пануюць цёплая атмасфера, узаемаразуменне і падтрымка, а ў сем’ях – дабрабыт і шчасце, — гаварылі на развітанне Марына Аляксандраўна і Андрэй Аляксандравіч.

Алена МУРАЧ. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *