На Бярэзіншчыне прайшлі спартыўныя спаборніцтвы

“ЛЫЖНЯ КЛІЧА”

Першага лютага ў Бярэзінскім раёне на базе турыстычнага цэнтра “Юнацтва”, што ў вёсцы Жорнаўка, прайшлі занальныя спаборніцтвы па лыжных гонках “Лыжня кліча” ў рамках абласной спартакіяды сярод дзяцей і юнацтва, якія займаюцца ў групах і секцыях фізкультурна-аздараўленчай спартыўнай накіраванасці па месцы жыхарства. Тут бясспрэчнае лідарства аказалася ў каманды Бярэзінскага раёна, у складзе якой выступалі Аляксандр Акуліч, Вікторыя Прымачонак, Дзяніс Буры, Кірыл Буры, Аляксей Базыленка, Вольга Міклуш (Гарэніцкая СШ), Арцём Гарошка, Лізавета Тушынская, Ганна Самец (Капланецкая СШ), Ілона Кунавіч (Паплаўская СШ), Станіслаў Абрамаў, Арцём Валадковіч, Валерыя Дубовік (Ушанская СШ) і Лізавета Блізнюк (Багушэвіцкая СШ).
Другое месца заняла каманда горада Жодзіна, а трэцімі сталі лыжнікі Крупскага раёна.

ДА 100–ГОДДЗЯ ЎТВАРЭННЯ БССР

31 студзеня на базе фізкультурна-аздараўленчага цэнтра “Лазурный” прайшлі мерапрыемствы з нагоды 100-годдзя ўтварэння БССР. Наладжаны яны былі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

УСЕ НА ВАЛЕЙБОЛ!

Спаборніцтвы па гэтым упадабаным бярэзінцамі відзе спорту стартавалі ў рамках штогадовай спартакіяды сярод калектываў фізічнай культуры на базе фізкультурна-аздараўленчага цэнтра “Лазурный” 4 лютага і працягнуцца да 15 лютага. Пачатак гульняў у 18 гадзін.

ЛЫЖНАЕ АРЫЕНТАВАННЕ

30-31 студзеня турыстычны цэнтр “Юнацтва”, што ў вёсцы Жорнаўка, стаў базай для правядзення абласных спаборніцтваў па лыжным арыентаванні. У іх бралі ўдзел 165 аматараў гэтага віду спорту з 14 каманд Мінскай вобласці. Па суме выпрабаванняў за два дні першае месца заняла каманда Бярэзінскага раёна, другое — у случчан, а трэцяй стала каманда Старадарожскага раёна.
Пераможцамі і прызёрамі ў сваіх узроставых групах стаў цэлы атрад бярэзінцаў. Гэта Уладзіслаў Комар, Ілья Крушны, Дзяніс Буры, Вікторыя Прымачонак, Настасся Слабко, Юлія Лапа, Марына Курач, Вікторыя Карчашка і Аляксандр Акуліч.

ГРЭКА-РЫМСКАЯ БАРАЦЬБА

Паспяхова завяршылася спартакіяда дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ і спартыўных школ алімпійскага рэзерву Мінскай вобласці па грэка-рымскай барацьбе сярод юнакоў 2004-2005 гадоў нараджэння для бярэзінскіх спартсменаў. У вагавой катэгорыі да 57 кілаграмаў першае месца заняў Антон Якуш, а восьмым стаў Алег Шелег. Усе юнакі — выхаванцы трэнера К. Мініна.

ФУТБОЛ

Бліскучай перамогай юных бярэзінскіх футбалістаў скончылася першая гульня турніру па міні-футболе “STALISTA JUNIOR CUP” сярод юнакоў 2005 года нараджэння. Тут выхаванцы трэнера С. Булойчыка выйгралі з лікам 9:2.

Мілана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *