Справа ўсіх і кожнага

На барацьбу з траўматызмам, а таксама на паляпшэнне ўмоў працы скіравана работа камісіі па прафілактыцы вытворчага траўматызму і прафесійных захворванняў, пасяджэнне якой на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Уладзімірам Міхайлавічам Навіцкім адбылося на мінулым тыдні. Удзел у ім прынялі кіраўнікі і спецыялісты па ахове працы арганізацый і прадпрыемстваў раёна.

Пазбегнуць няшчасных выпадкаў, захаваць здароўе і жыццё людзей дапамогуць сістэматычная работа ў дадзеным накірунку, якаснае і своечасовае афармленне дакументаў, добрасумленнае стаўленне адказных асоб да сваіх абавязкаў і жорсткі кантроль з боку кіраўнікоў. На гэтым акцэнтаваў увагу прысутных У.М. Навіцкі.
Прычыны вытворчага траўматызму і прафесійных захворванняў акрэсліў галоўны дзяржаўны інспектар Барысаўскага МРА Сяргей Віктаравіч Сыраквашка. Сярод асноўных ён назваў недасканалую арганізацыю сістэмы аховы працы і бескантрольнасць адпаведных спецыялістаў. Адсюль і негатыўныя наступствы, з разраду якіх і мінулагодні няшчасны выпадак у Бярэзінскім ПМС.
Іншая сітуацыя склалася ў філіяле “Аўтамабільны парк № 22”. Як адзначыў С.В. Сыраквашка, тут з боку наймальніка па паляпшэнні ўмоў і ахове працы робіцца ўсё неабходнае. Разам з тым, заўвагі і прапановы бяруцца пад увагу, недахопы своечасова ліквідуюцца. Але і гэта не можа даць стапрацэнтнай гарантыі ад няшчасных выпадкаў, адзін з якіх нядаўна здарыўся ў філіяле. Таму на прычынах і мерах іх папярэджання спыніўся дырэктар Сяргей Анатольевіч Наглін. Па яго словах, важнымі складальнікамі з’яўляюцца медагляды і праверкі на алкагольнае ап’яненне работнікаў, а таксама пытанні бяспекі дарожнага руху.
Пра абавязковае праходжанне медаглядаў нагадаў галоўны ўрач ДУ “Бярэзінскі РЦГЭ” Вадзім Сяргеевіч Буйніцкі. Падрабязна спыніўся ён на парадку іх арганізацыі і афармлення.
Гаварылася на пасяджэнні і пра аглядконкурс на лепшую арганізацыю па ахове працы за 2018 год. Як стаць пераможцам спаборніцтва – не сакрэт. Галоўнае, усведамляць, што сістэма аховы працы – справа ўсіх і кожнага. І ад нашага ўкладу ў яе арганізацыю і ўдасканаленне залежыць жыццё і здароўе людзей.

Алена МУРАЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *