Калі мара стала жыццём

З дзяцінства марыла Зоя Іосіфаўна Чарнушэвіч стаць настаўніцай. Нават у час гульняў з сяброўкамі ў лялькі заўсёды была толькі настаўніцай. Калі гэту “пасаду займаў” хтосьці іншы, яна ўвогуле адмаўлялася гуляць. І ўжо ў дарослым жыцці 46 гадоў аддала прафесіі педагога. Сёння справу матулі працягваюць яе дзеці і ўнук. Дачка Ірына 34 гады выкладае рускую мову і літаратуру ў Гродзенскай гарадской гімназіі, вядомым інфарматыкам на Бярэзіншчыне стаў сын Ігар, абараніць кандыдацкую па філасофіі рыхтуецца ўнук Максім.

Усё гэта — гонар Зоі Іосіфаўны, якая днямі адзначыла юбілей з дня нараджэння. Павіншаваць яе з гэтай нагоды завіталі намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама А.С. Петруковіч, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Л.І. Толкач, намеснік дырэктара Паплаўскай установы адукацыі А.У. Жаўняровіч. Да віншаванняў – словы падзякі за шматгадовую сумленную працу, за дастойных дзяцей.
Гэта тое асноўнае, што вызначае сутнасць жыцця, што дае сілы. З.І. Чарнушэвіч называе сябе шчаслівым чалавекам. Яна ні разу не пакаялася за выбраны жыццёвы шлях. І сёння расказвае, што на працу ў школу заўсёды ішла як на свята. Пачынала працоўную дзейнасць пасля заканчэння Гродзенскага інстытута ў Воранаўскім раёне. На Бярэзіншчыну з мужам прыехалі, каб быць бліжэй да роднага Пухавіцкага раёна. Адзіным месцам працы настаўніцы тут стала Паплаўская школа, дзе напачатку разам з выкладаннем беларускай мовы і літаратуры была арганізатарам выхаваўчай работы.
Цяпер, калі выйшла на заслужаны адпачынак, у мінулым урокі і разнастайныя мерапрыемствы, але ёсць працяг. Шчаслівы працяг у вучнях і ўласных дзецях. Іх поспехам і дасягненням радуецца сёння Зоя Іосіфаўна. І ганарыцца. Яны дастойна працягваюць яе справу жыцця.
На здымку: у час віншавання: З.І. Чарнушэвіч, А.У. Жаўняровіч, А.С. Петруковіч, Л.І. Толкач.

Ала АЛЬФЕР.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *