У Беразіно адкрылі мемарыяльную дошку ў гонар М.В. Хонінава

Урачысты мітынг з гэтай нагоды адбыўся каля дома №29 па вуліцы Хонінава, названай у памяць пра абаронцу бярэзінскай зямлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны Міхаіла Ванькаевіча Хонінава – Ганаровага грамадзяніна горада Беразіно, 100-годдзе якога мы адзначаем сёлета. Чырвоную лентачку перарэзалі першы намеснік старшыні Бярэзінскага раённага выканаўчага камітэта А.М. Шыфрын і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Т.М. Лучанок. Папярэднічала гэтаму нямала шчырых і цёплых слоў пра калмыцкага паэта, які воляй лёсу ў гады вайны трапіў у Беларусь і змагаўся за яе зямлю ў партызанскім атрадзе. На ўрачыстасць прыехала і дачка  калмыцкага паэта Рыма Міхайлаўна, якая расказала пра нялёгкае жыццё бацькі, пра яго творчы шлях.
Нарадзіўся М.В. Хонінаў 1 студзеня 1919 года ў Калмыкіі. Да вайны закончыў Астраханскі тэхнікум мастацтваў, быў акцёрам Калмыцкага дзяржаўнага тэатра. Падчас службы ў Чырвонай Арміі скончыў курсы малодшых афіцэраў і адразу адправіўся на Смаленскі фронт.
Пасля таго, як яго стралковы полк трапіў у акружэнне, позняй восенню 1941 года шукаў пераправу цераз Бярэзіну, дзе і сустрэла яго жыхарка вёскі Месціна Праскоўя Андрэеўна Віліткевіч. Тут жа ў вёсцы М. Хонінаў пазнаёміўся з актывістамі, якія арганізоўвалі партызанскі атрад, і сам уключыўся ў барацьбу. Ды так, што аператыўную групу 208-га партызанскага палка, якую ён узначальваў, немцы называлі “дзікай дывізіяй”, а за галаву яе камандзіра Мішкі Чорнага абяцалі 10 тысяч марак.
Пасля вайны М.В. Хонінаў вярнуўся на радзіму, дзе ён вядомы як паэт і пісьменнік, перакладчык.

Ала АЛЬФЕР.

Фота Алены ГРОМАВАЙ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *