Афганістан. Наша памяць і боль

 

У мінулы чацвер ў раённым цэнтры культуры адбылося ўрачыстае мерапрыемства, канцэрт- рэквіем, прымеркаваны да 30-й гадавіны вываду савецкіх войск з Афганістана. Тут сабраліся ветэраны вайны ў Афганістане, іх родныя і блізкія, прадстаўнікі раённай улады, дэлегацыі працоўных калектываў, члены раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў воінаў-інтэрнацыяналістаў”, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, моладзь. 

У фае ўстановы культуры ўвазе прысутных была прадстаўлена тэматычная выстава “На афганской выжженной земле…”

Прысутныя ў зале з трапятаннем у сэрцах слухалі вядучага Аляксея Бабашава, які адзначыў, што бярэзінскія юнакі выканалі свой інтэрнацыянальны абавязак на афганскай зямлі: выбар паміж жыццём і смерцю вызначаў для іх не толькі ваенны загад, але і пачуццё гонару. І сёння ў іх душах, не згасаючы, жывуць боль і горыч вайны, успаміны аб моцным мужчынскім сяброўстве і баявых таварышах, якія назаўсёды засталіся маладымі.
На сцэне — літаратурна –тэатралізаванае прадстаўленне, а на экране — кадры вайны ў Афганістане, культавага фільма “9 рота”, партрэты загінуўшых землякоў, салдацкія пісьмы…
Першым да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуўся старшыня райвыканкама Аляксандр Мікалаевіч Бабічаў:

— Сёння мы аддаём даніну глыбокай павагі сваім суайчыннікам, якім давялося ўдалечыні ад Радзімы выконваць свой воінскі доўг.

Трыццаць гадоў таму завяршалася ваенная аперацыя ў Афганістане, якая цягнулася 9 гадоў 1 месяц і 21 дзень, з 25 студзеня 1979 года па 15 лютага 1989 года. Афганская вайна ўвайшла ў гісторыю як трагедыя ХХ стагоддзя, якая забрала тысячы жыццяў маладых хлопцаў. Памяць аб ёй па-ранейшаму болем адгукаецца ў сэрцах маці, бацькоў, удоў, дзяцей тых салдат. Подзвіг, здзейснены ў імя міру і спакою на зямлі, сёння застаецца трывалым маральным фундаментам у патрыятычным выхаванні моладзі на баявых традыцыях старэйшага пакалення. Ад вайны пацярпелі тысячы беларускіх сем’яў. Мы падзяляем боль матуль і ўдоў, паважаем светлую памяць загінуўшых пры выкананні інтэрнацыянальнага доўгу. З 75 удзельнікаў вайны з Бярэзінскага раёна загінулі 2 чалавекі –Уладзімір Мікалаевіч Шумскі і Карканіца Сяргей Іванавіч. Зараз у раёне пражывае 50 ваеннаслужачых, якія прайшлі праз Афганістан, з іх 25 адзначаны ўзнагародамі.
Старшыня райвыканкама таксама выказаў словы ўдзячнасці воінам-інтэрнацыяналістам за мужнасць, гераізм, вернасць воінскай прысязе, якія яны праявілі ў далёкай краіне, калі выконвалі свой абавязак перад дзяржавай, пажадаў ім здароўя, сямейнай цеплыні, дабрабыту на нашай беларускай зямлі.

Апрача гэтага, кіраўнік раёна ўручыў падзякі райвыканкама Мікалаю Міхайлавічу Бжэзінскаму, Сяргею Мікалаевічу Рассекаву, Васілію Іванавічу Дыбалю, Мікалаю Аляксандравічу Емяльяненка.
Старшыня Бярэзінскага раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Алена Міхайлаўна Токан таксама выказала воінам- афганцам падзяку за іх мужны подзвіг і гераізм і ўручыла падарункі Аляксандру Іосіфавічу Карповічу, Сяргею Іосіфавічу Карповічу, Васілію Іванавічу Карповічу, Алегу Валянцінавічу Ермашкевічу.

Не пакінула без увагі горкую дату гісторыі Бярэзінская раённая арганізацыя рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”. Яе кіраўнік Антон Валерьевіч Кавалёў узнагародзіў Анатоля Іванавіча Гомана і Сяргея Георгіевіча Мацкевіча.
На сцэну былі ўрачыста запрошаны ўсе воіны-афганцы — кожнаму з іх ваенны камісар Чэрвеньскага і Бярэзінскага раёнаў Мінскай вобласці Артур Валер’евіч Чэус уручыў юбілейныя медалі “30 гадоў вываду савецкіх войскаў з Афганістана”.

Патрыятычны настрой задалі і музычныя нумары ў выкананні Анжалікі Шамко, Аляксандра Міхайлоўскага, Ганны Моравай і чэрвеньскага барда, афганца Юрыя Бельскага.

Завершыўся канцэрт-рэквіем, па традыцыі, выступленнем старшыні Бярэзінскай раённай арганізацыйнай структуры грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны у Афганістане”Алега Леанідавіча Купіча. Ен шчыра падзякаваў арганізатарам свята за павагу і захоўванне светлай памяці подзігу савецкіх сыноў на чужой зямлі і ўручыў трэнеру непераможнай дзявочай валейбольнай каманды Мікалаю Мікалаевічу Міхалёву з Бярэзінскай гімназіі спартыўную форму. На ей красуецца эмблема аб’яднання, якая стане для дзяўчат выдатным талісманам.

 

Мілана ТРАПЯНОК.

 Фота Алены ГРОМАВАЙ,     

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *