Папярэдзіць і прадухіліць

На тэрыторыі Бярэзінскага сельскага Савета пражывае амаль дзве тысячы чалавек у 36 населеных пунктах. Дайсці да кожнага з іх, папярэдзіць, прадухіліць бяду ад няправільнага абыходжання з агнём ці электраабсталяваннем, разабрацца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі і прыняць неабходныя захады для яе вырашэння – такія мэты ставіць перад сабой аглядавая камісія сельвыканкама. Больш падрабязна пра яе работу размаўляем з сакратаром камісіі Валянцінай Міхайлаўнай Байдалюк.

 

— Графік работы нашай аглядавай камісіі ўключае ў сябе наведанне кожнага населенага пункта і кожнага домаўладання.
Пад асаблівым кантролем знаходзяцца так званыя катэгарыйныя групы – мнагадзетныя сем’і, інваліды, адзінокія і адзінокапражываючыя грамадзяне, асобы, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, і сем’і, што знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы. Да прадстаўнікоў апошніх дзвюх груп мы наведваемся значна часцей, чым раз у месяц.
Падобным чынам члены камісіі пабывалі ў вёсках Паложына, Краснаполле, Трасцянка, Святліца… І кожнае такое абследаванне прыносіць свой плён, дае станоўчыя вынікі. За прыкладамі далёка хадзіць не трэба. Вось толькі два з іх, якія зарэгістраваны ў вёсцы Жорнаўка. Адзін з яе жыхароў – М.А. Шагойка — чалавек працаздольнага ўзросту. Але з-за стану свайго здароўя ўладкавацца на працу не можа. Пражывае адзін. Існуе за кошт падпрацовак суседзям. Па ініцыятыве камісіі быў накіраваны ў раённую бальніцу. Пасля абследавання яму ўдалося ўстанавіць групу інваліднасці і магчымасць атрымліваць пенсію – сродак для існавання.
Аналагічная сітуацыя склалася і з яго адна-вяскоўцам Валькевічам. Пакуль была жывая маці, існаваў на яе пенсію, вёў асацыяльны лад жыцця. Гутарылі з ім, выклікалі на пасяджэнні грамадскага пункта аховы правапарадку, працаўладкоўвалі, бо ён знаходзіўся ў праца-здольным узросце. Ды толькі не да таго было – гулянкі, п’янкі. Завяршылася тым, што ў мужчыны паявіліся праблемы са здароўем. У выніку давялося аказваць садзейнічанне па яго ўладкаванні на сацыяльны ложак у Дзмітравіцкую бальніцу.
Ёсць прыклады эфек-тыўнай работы і па іншых населеных пунктах. Узяць той жа Жукавец. Жыхар вёскі К.Д. Сіняк — з ліку асоб, што вядуць асацыяльны лад жыцця. Часта работнікі сельсавета звяр-талі ўвагу на праблемы, што ўзнікалі з захаваннем у яго доме супрацьпажарнай бяспекі. Праблема заставалася да таго часу, пакуль за яе вырашэнне добраахвотна не ўзялася стараста вёскі, дэпутат сельсавета Ларыса Ула-дзіміраўна Апаровіч. За лета яна дабілася выдзялення адраснай дапамогі свайму падапечнаму і на гэтыя
сродкі быў праведзены рамонт печы, замена электраправодкі і ўстаноўлены пажарныя апавяшчальнікі. У канцы мінулага года, калі праводзіўся рэйд міжведамаснай камісіі, і яе члены завіталі да К.Д. Сіняка, ніякіх заўваг наконт пажарнай бяспекі выказана не было. Адзінае, што па-ранейшаму непакоіць, гэта злоўжыванне гаспадаром спіртнога.
Як бачым, далёка не ўсё залежыць толькі ад намаганняў членаў аглядавай камісіі ці работнікаў сельсавета. Вельмі важна, каб самі людзі свядома ставіліся да захавання свайго жылля і жыцця.
— На тэрыторыі сельсавета, — дадае В.М. Байдалюк, — пражываюць 103 асацыяльныя асобы. Менавіта яны і выклікаюць у нас самую большую трывогу, асабліва ў зімовы перыяд. І хоць наведваем мы гэтую катэгорыю рэгулярна, імкнёмся дастукацца да свядомасці такіх людзей, яны не мяняюць свой лад жыцця і небяспека ўзнікнення пажару ў іх домаўладаннях застаецца даволі высокай.
Іншая справа — нашы адзінокапражываючыя бабулькі. Вось да каго трэба хадзіць на экскурсію маладым дзецюкам-п’янчугам і вучыцца парадку. Ён там адмысловы. У такіх дамах заўсёды пануюць чысціня, утульнасць, печы і праводка знаходзяцца ў спраўным стане – ніякіх нараканняў! А калі і надараецца патрэба ўстанавіць пажарны апавяшчальнік, то накіроўваем іх дзецям пісьмы з просьбай зрабіць гэтую справу, і яна без прамаруджванняў выконваецца.
Дарэчы, пісьмы з сель-савета накіроўваюцца не толькі да сваякоў або блізкай радні жыхароў рэгіёна. Трапляюць яны і на стол кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў – уладальнікаў ведамаснага жылля – з просьбай правесці абследаванне ўмоў жыцця той ці іншай сям’і і зрабіць неабходны рамонт або пасадзейнічаць у яго правядзенні. Пры выяўленні праблем іншага кшталту звяртаюцца ў цэнтральную раённую бальніцу, сацыяльныя або іншыя службы, здольныя аказаць садзейнічанне ў вырашэнні ўзнікшых жыццёвых цяжкасцей. Яны – своеасаблівая падказка адрасоў людзей, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай дапамозе.
— На жаль, няшчасных выпадкаў ад пажараў ці дарожна-транспартных здарэнняў немагчыма пазбегнуць, — адзначае Валянціна Міхайлаўна, – але мінімізаваць іх колькасць нам пад сілу. І чым больш цесным будзе наш кантакт з насельніцтвам, чым часцей мы будзем наведваць людзей, тым большы эфект гэта работа будзе мець. Але і самі жыхары павінны праяўляць зацікаўленасць у захаванні сваёй маёмасці і свайго жыцця, ісці насустрач нашым памкненням.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *