Пад сваёю зоркай

Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Спрачацца з выразам не будзе той, хто ведае альбо сябруе з Уладзімірам Паўлавічам Несцяровічам. Матухна-прырода шчодра ўзнагародзіла гэтага мужчыну рознымі талентамі. Уладзімір Паўлавіч можа кішэнным сцізорыкам выразаць шахматныя фігуры, скласці верш, напісаць газетны артыкул альбо апавяданне, намаляваць вясковы пейзаж,   партрэт, упрыгожыць свае рыбацкія прылады, адправіцца на паляванне. Пералічваць яго здольнасці можна доўга,  ён — член Беларускага саюза журналістаў, член саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар 4 кніг. У свой час скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя А.К. Глебава, факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, факультэт масава-палітычнай    работы  ўніверсітэта  марксізму-ленінізму,  звыш  дваццаці   гадоў  жыцця  аддаў  працы  ў  рэдакцыі   раённай    газеты  “Бярэзінская панарама”, дзе прайшоў шлях ад фотакарэспандэнта да загадчыка аддзела сельскай гаспадаркі. Аднак варта падкрэсліць, што Уладзімір Паўлавіч адзін з нямногіх у раёне прафесійных    мастакоў,  на  рахунку  якога  каля  500   карцін.
Большасць з іх пейзажы, нацюрморты, намаляваныя на фоне прыгожых краявідаў яго малой радзімы – вёскі Карбаўское.

-Кажуць, што ў момант нараджэння чалавека на небе запальваецца новая зорка, якая асвятляе яму шлях на працягу жыцця – яго зорка. Спрачацца з тым не буду, бо нейкім падспудным пачуццём яшчэ ў маленстве сам адчуў, што ёсць такая і ў мяне, — пачынае размову Уладзімір Паўлавіч.
Нарадзіўся ён вясной 1949 года ў вёсцы з адзінаццаці двароў з таямнічай назвай Карбаўское. Яна прыгожа туліцца сярод гушчару лясоў і правага берага рэчкі Клявы. Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што пасяліўся тут некалі першы гаспадар, які плёў з ліпавай кары карабы для ўласных гаспадарчых патрэб і на збыт. Вось адсюль, мабыць, і пайшла першапачатковая назва вёсачкі “Карабоўская”. Уладзімір Паўлавіч гэту легенду памятае яшчэ з дзяцінства. Ён быў цікаўным і дапытлівым хлапчуком.
— З дзяцінства ў ва мне жыве непадробна цікавасць да ўсяго жывога ў лесе, у полі, на рацэ, дадае У.П. Несцяровіч. — Таму сваім першым настаўнікам на шляху да творчасці лічу матухну-прыроду.
Калі ўзяўся ўпершыню за маляванне, Уладзімір Паўлавіч дакладна не ўспомніць. Матуля заўсёды купляла на кірмашы ў Беразіно сынам па алоўку і сшытку. Для Уладзіміра гэта было вялікае багацце і забава на цэлы дзень. Таму надоўга ўрэзаўся ў яго дзіцячую памяць выпадак, калі парсючок згрыз яго аловак, пакінуты на хвіліну без нагляду.
— Быць мастаком ніколі не марыў, бо маляванню ў вясковых школах ніхто вялікай увагі не надаваў, — успамінае Уладзімір Паўлавіч. — Затое заўсёды быў членам школьнай рэдкалегіі, маляваў і пісаў заметкі ў школьную газету. Ды і ў мастацкае вучылішча паступіў, як тры гады адпрацаваў токарам, і без падрыхтоўкі. Як тут не паверыць у сваю зорку, калі ў год паступлення апошні раз прымалі з агульнай сярэдняй адукацыяй, і я, звычайны вясковы хлапчук, вытрымаў конкурс у 18 чалавек на месца.
Вучыўся Уладзімір Паўлавіч у групе разам з Анатолем Александровічам і Людмілай Русавай. На адным курсе ў паралельнай групе займалася і такая сучасная знакамітасць, як барысаўчанін, мастак Мікалай Ісаё-
нак. Адначасова з ім у 1973 годзе выпускаўся і знакаміты скульптар Уладзімір Жбанаў, шматлікія бронзавыя скульптуры якога зараз упрыгожваюць ландшафт беларускай сталіцы. Гады вучобы былі яркімі і насычанымі. Бліжэй да чацвёртага курса Юрый Тур запрашае яго на працу мастаком — дэкаратарам у тэатр юнага гледача, дзе сам быў галоўным рэжысёрам.
— Гады навучання ў Мінскім мастацкім вучылішчы сталі своеасаблівай школай жыцця, — заўважае Уладзімір Паўлавіч. — Нездарма ж я потым паспяхова раскрыў у сабе пісьменніцкі і паэтычны талент, скончыў журфак БДУ, але жывапісу ніколькі не здрадзіў.
Уменне маляваць, веды па кампазіцыі аказаліся нялішнімі ў працы фота-карэспандэнта, а яго замілаванне роднымі краявідамі, уменне бачыць прыгожае ў звычайным уносілі яр-кія фарбы ў матэрыялы экалагічнай старонкі “Улонне”, вершы і апавяданні для дзяцей.
— Бясконцыя творчыя камандзіроўкі, сустрэчы з цікавымі людзьмі, наведванне выстаў, паляванне з сябрамі і рыбалка прымусілі мяне ўсур’ёз узяцца за пэндзаль і алейныя фарбы, каб перадаць убачанае і адчутае, — прызнаецца мастак. — І тут лепшым стымулам стала родная вёска, з калодзежам у двары, прыгожым пеўнікам, маладымі бацькамі — усё тое, што ён неаднойчы маляваў.
Сувязь з Карбаўскім мастак ніколі не губляў, ён дагэтуль пад-трымлівае бацькоўскі ачаг, парадак у двары і вакол яго. Сюды ён прыязджае адзін, каб пасумаваць аб былым, абдумаць і акрэсліць свае творчыя планы і, вядома, напісаць свае новыя карціны і апавяданні, чэрпаючы вобразы ў вясковым асяроддзі. Тут, у маленькім, але ўтульным доміку, абсталяваным пад летнюю кухню, пад сухое пастрэльванне дроў у печцы былі напісаны раздзелы дзіцячай паэмы «Эпоха русалкі», казка “Падмануты мядзведзь”, многія вершы і самыя дарагія карціны. Частка з іх сёння ўпрыгожвае навучальныя ўста-новы раёна, іншыя дасталіся сябрам і знаёмым і ў прыватных калекцыях аматараў прыгожага выяўленчага мастацтва.
— Для мне кожная кніга і карціна — бясконцыя творчыя пакуты, бо сапраўдны творца не можа працаваць па агульнаакрэсленай схеме. Тут патрабуецца свой індывідуальны падыход, які зможа абудзіць эмоцыі і пачуцці, — зазначае Уладзімір Паўлавіч.
І гэта яму ўдаецца, бо кожны з нас на яго карцінах пазнае свае родныя мясціны, вядомыя з дзяцінства, але забытыя з цягам часу, атрымлівае магчымасць вярнуцца ў мінулае і адчуць сябе шчаслівым, падумаць, паразважаць. Карціны мастака намаляваны з натуры, але гэта не фота-здымкі, бо тут шмат недасказанага, якое патрабуе ад гледача фантазіі. Большасць намаляваных ім сюжэтаў узяты з рэальнага жыцця. Чаго варты палотны пра паляванне і паляўнічых! А як сціскаецца сэрца, калі бачыш на фоне сялянскага пейзажу маці разам з самім мастаком, які грае на гармоніку. Матуля даўно пайшла з жыцця, а глядзіш на кар-
ціну — яна быццам дагэтуль жывая. З табой размаўляе пад найгрышы, шапаціць яблыня, а ад хаты ідзе цяпло. Ды і як не ўспомніць нацюрморты Уладзіміра Паўлавіча, дзе да драбніц прадуманы кожная фарба, кожны мазок і непрыкметная рэч нібы ажывае і нясе радасць. Лепш за ўсё творчы дэвіз бярэзінскага мастака перадае цытата славутага І. Шышкіна, які лічыў, што “пейзажист – истинный художник, он чувствует глубже и чище, природа всегда нова… и всегда готова дарить неистощимым запасом своих даров, что мы называем жизнь. Что может быть лучше природы…”
— Гэта сёння ў поўны голас загучаў выраз “малая радзіма”, — дадае мастак. – Для мяне ж ён быў актуальным заўсёды. Я ж адмовіўся ад працы мастаком у тлумнай для мяне сталіцы і ніколі не шкадаваў аб сваім рашэнні вярнуцца да сваіх вытокаў, бо родная вёска, гушчары лясоў, Клява, землякі дораць натхненне і сілы, зараджаюць жаданнем ствараць і радаваць людзей, клапаціцца аб сядзібе і каранях. Тут не патухае мая творчая зорка.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *