Пра самазанятасць і дэмаграфічную бяспеку вялі гутарку бярэзінцы падчас Адзінага дня інфармавання

На актуальныя тэмы самазанятасці і дэмаграфічнай бяспекі ішла размова ў час сустрэчы інфармацыйна-прапагандысцкай групы старшыні райвыканкама Аляксандра Мікалаевіча Бабічава з калектывам пачатковай школы №1 горада Беразіно.

Пра працэсы стварэння ў нашай краіне прыцягальных умоў для развіцця прыватнай ініцыятывы расказала галоўны дзяржаўны інспектар упраўлення па рабоце з плацельшчыкамі па Бярэзінскім раёне Т.І. Дубіна. Важна, што ажыццяўляць такую дзейнасць магчыма без рэгістрацыі ў якасці суб’екта прадпрымальнасці. Для занятых рамесніцкай дзейнасцю, аказаннем паслуг у сферы аграэкатурызму, рэалізацыяй асобных відаў тавараў і аказаннем некаторых відаў паслуг, устаноўлены спецыяльныя рэжымы падаткаабкладання. Беспрацоўныя, зарэгістраваныя ў службе занятасці, маюць магчымасць атрымаць субсідыю на арганізацыю прадпрымальніцкай або рамесніцкай дзейнасці, аказанне паслуг у сферы аграэкатурызму. Без аплаты падаткаў грамадзяне могуць рэалізоўваць дзікарослую (лекавыя расліны, ягады, грыбы, арэхі інш), а таксама сельскагаспадарчую прадукцыю, вырашчаную ў прыватнай падсобнай гаспадарцы.

Ажыццяўленне дзейнасці без рэгістрацыі значна спрасцілася дзякуючы развіццю анлайн-сэрвісаў падатковых органаў. У любым з іх можна бясплатна атрымаць доступ да асабістага кабінета плацельшчыка. Дзеля чаго неабходна прыйсці з пашпартам у падатковы орган для рэгістрацыі і атрымання логіна і пароля да асабістага кабінета.
Традыцыйна, вялікай папулярнасцю карыстаюцца вырабы майстроў-рамеснікаў, дзейнасць якіх рэгулюецца нормамі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 кастрычніка 2017 года №364 “Аб ажыццяўленні фізічнымі асобамі рамесніцкай дзейнасці”. Рамеснікі працуюць самастойна, без прыцягнення іншых фізічных асоб, прадукцыю маюць магчымасць рэалізоўваць рознымі спосабамі – на рынках, кірмашах, у майстэрні, з прымяненнем інтэрнэт-рэкламы і г.д.
Дзейнасцю ў сферы аграэкатурызму маюць права займацца грамадзяне, якія пражываюць у сельскай мясцовасці і маюць зямельныя ўчасткі, прадастаўленыя для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома, без змянення мэтавага прызначэння гэтых участкаў. Указам №365 суб’ектам аграэкатурызму прадастаўляецца права аказваць шэраг дадатковых паслуг, у тым ліку правядзенне прэзентацый, юбілеяў, аказанне паслуг лазні, катанне на жывёлах і гужавым транспарце, прадастаўленне інвентару для заняткаў спортам і адпачынку і інш.
Працаваць на сваёй зямлі і падзяліцца пладамі працы – адна з асноўных магчымас-цей. У адпаведнасці з Падатковым кодэксам Рэспублікі Беларусь ад падаткаабкладання вызваляюцца даходы, атрыманыя грамадзянамі ад рэалізацыі агародніны і садавіны, іншай прадукцыі раслінаводства, малочных і кісламалочных прадуктаў, іншай прадукцыі жывёлагадоўлі. Даходы вызваляюцца ад падаткаабкладання на падставе даведкі мясцовага органа ўлады.
Адзін з накірункаў сацыяльна арыентаванай палітыкі дзяржавы – павелічэнне спектра паслуг, якія могуць аказваць грамадзяне без рэгістрацыі ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў. Раней такіх відаў было 18, Указам Прэзідэнта №377 “Аб рэгуляванні дзейнасці фізічных асоб” іх колькасць пашырана да 30.
Стварэнне ўмоў для дзелавой ініцыятывы грамадзян садзейнічае эканамічнаму росту рэгіёнаў і стварэнню рабочых месцаў. Таму вялікая ўвага надаецца садзейнічанню беспрацоўным у арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці або дзейнасці ў сферы аграэкатурызму, рамесніцтва. Дзеля гэтага можна атрымаць не толькі кансультацыю ў службе занятасці. Беспрацоўныя маюць магчымасць прайсці навучанне асновам названай дзейнасці, а таксама атрымаць фінансавую падтрымку ў выглядзе субсідыі. Дзяржава гарантуе самазанятым магчымасць забяспечваць сваю пенсійную будучыню.
Прадастаўленыя магчымасці летась у Бярэзінскім раёне выкарысталі 34 чалавекі, асноўныя віды іх дзейнасці – вырошчванне сельгаспрадукцыі, здрабненне зерня, паслугі цырульніка, па рамонце абутку, рэпетытарства.

Адна з галоўных умоў развіцця любой краіны, любога рэгіёна – дэмаграфічная бяспека. Пра дэмаграфічную сітуацыю ў раёне расказала намеснік галоўнага ўрача Бярэзінскай ЦРБ К.А. Крук.
Ствараць умовы для камфортнага жыцця, развіваць эканоміку, забяспечваць рост зарплаты. Гэта тое асноўнае для развіцця рэгіёна, што назваў старшыня райвыканкама А.М. Бабічаў, падводзячы вынікі размовы. І над гэтым патрэбна мэтанакіравана працаваць.
Немалаважны фактар – самазанятасць, з яе дастойнымі ўмовамі і гарантыямі ад дзяржавы. Малы і сярэдні бізнес – гэта тое, што выратуе наша эканамічнае развіццё.
Гаворачы пра здароўе, Аляксандр Мікалаевіч перш за ўсё адзначыў нашы ўласныя адносіны да сябе. Не ў меншай ступені гэта датычыць жыцця ўвогуле. Толькі мы самі можам сабе дапамагчы і сумеснымі намаганнямі стварыць дастойныя ўмовы на сваёй зямлі — зямлі з цудоўнымі краявідамі, цудоўнымі людзьмі.
На самой справе мы можам многае. Зусім нядаўна гэта пацвердзіў семінар па інавацыйнай дзейнасці, які прайшоў на базе пачатковай школы, пра што расказаў дырэктар установы адукацыі М.М. Дубовік, і адначасова звярнуўся з просьбай абнавіць фасад школы. Хутчэй за ўсё гэта магчыма будзе зрабіць у наступным годзе. Сёлета, як заўважыў кіраўнік раёна, асноўная ўвага будзе нададзена рамонту гарадской школы №3.

Ала АЛЬФЕР.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *