“Наша сямейная газета”

Кацярына Вадзімаўна БУЙНІЦКАЯ, загадчыца магазіна “Остров чистоты” ў Беразіно:

— Ведаеце, “Бярэзінская панарама” – наша сямейная газета. Яе выпісваюць і чытаюць усе члены нашай сям’і – мы з мужам Вадзімам, бацькі мужа, мае бацькі. Прычым, усе — даўнія сябры раёнкі.
Да прыкладу, мы пастаянныя падпісчыкі, гадоў 10. Нават ёсць сямейная традыцыя чытання. Раздзяляем газету на дзве часткі. Першую – спачатку чытаю я, а Вадзім – другую, а пасля мяняемся. Прычым, муж заўсёды папярэджвае: “Толькі не расказвай, пра што пішуць, хачу сам пазнаёміцца з матэрыяламі”.
Што падабаецца ў раёнцы? Без перабольшвання — усё. Я ў першую чаргу знаёмлюся, што, хто прадае, купляе, хто каго віншуе, хто нарадзіўся, колькі шлюбаў заключана. Даспадобы чытаць матэрыялы пра школу, таленавітых дзетак, спорт, лепшых людзей раёна. Дарэчы, і самі з задавальненнем любім паўдзельнічаць у спартыўных мерапрыемствах, што ладзяцца ў раёне. Толькі хацелася б, каб інфармацыя пра іх змяшчалася ў газеце як мага раней, каб маглі падрыхтавацца.
Нас цікавіць і ваенная тэматыка: пра ветэранаў, ваенныя дзеянні, што адбываліся на тэрыторыі Беразіно… Цікавы праект “Бярэзіншчына ў полымі вайны”. Гэта ж наша гісторыя, якую мы павінны ведаць і перадаваць новым пакаленням.
Памятаем, мы нават удзельнічалі ў акцыі “Бессмертный полк”, неслі два здымкі – прадзядулі і дзядулі. А даведа-ліся пра акцыю менавіта з раёнкі.
Вядома ж, чытаем матэрыялы пра медыцыну, медыцынскіх работнікаў, прафілактычныя артыкулы мужа, які працуе галоўным ўрачом Бярэзінскага РЦГЭ.
Дарэчы, у раёнцы “засвяціліся”, здаецца, усе члены нашай сям’і. У мінулым годзе дружна ўдзельнічалі ў фотаконкурсе, які арганізавала рэдакцыя, — “Вандруем па Міншчыне”! Артыкулы пра гэты фотаконкурс папоўнілі наш, так сказаць, сямейны архіў раёнкі. У яго змяшчаем усе матэрыялы, дзе ўзгадваўся хтосьці з родных, а таксама артыкулы мужа. І, ведаеце, шчыра кажучы, прыемна, калі збіраемся ў нас з сябрамі палістаць гэты альбом, паказаць ім, што вось “паглядзіце, пра нас пісалі ў раёнцы”.
Зараз жа абмяркоўваем, што б даслаць на фотаконкурс да Года малой Радзімы. Увогуле, пажаданне, каб у газеце было больш конкурсаў, фотаконкурсаў. І тут перамога, падарункі не іграюць важную ролю. Галоўнае, каб работы пабачыла як мага больш людзей. Гэта ж прыемна!
Радуе, што і сын-васьмікласнік знаёміцца з газетай. Яго цікавяць школьныя навіны, спартыўныя. Заўсёды шукае на здымках знаёмых, сяброў. Таму нам хацелася б, каб у раёнцы працягвалі пісаць пра школьнікаў, таленавітых дзетак, моладзь. Думаем, гэта будзе цікава і карысна.
Так, многія навіны мы чытаем на сайце “Бярэзінскай панарамы”, у сацыяльных сетках, але гэта, на наш погляд, ніколі не заменіць “жывую” газету. Прыемна трымаць яе ў руках, лістаць, ды і ў электронным варыянце змяшчаюцца не ўсе навіны, і не цалкам. Вядома ж, хочацца, каб нашу любімую газету выпісвалі, куплялі, чыталі як мага больш людзей, каб тыраж рос, а ў сацыяльных сетках была велізарная колькасць лайкаў да матэрыялаў.

Фота Юліі БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *