На пасяджэнні камісіі Бярэзінскага райвыканкама па дэмаграфічнай бяспецы

У канферэнц-зале райвыканкама прайшло чарговае пасяджэнне камісіі па дэмаграфічнай бяспецы. Намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Міхайлавіч Навіцкі, намеснік галоўнага ўрача Бярэзінскай ЦРБ Крысціна Аляксандраўна Крук, галоўны ўрач Бярэзінскага РЦГЭ Вадзім Сяргеевіч Буйніцкі, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вольга Васільеўна Калячка, прадстаўнікі сацыяльнай сферы падвялі вынікі праходжання абавязковага медыцынскага агляду работнікамі прадпрыемстваў і ўстаноў раёна за мінулы год, абмеркавалі дэмаграфічную сітуацыю на тэрыторыі Дзмітравіцкага сельскага Савета.

Урач агульнай практыкі, загадчыца Дзмітравіцкай участковай бальніцы Марына Андрэеўна Абдырава адзначыла, што ў іх на абслугоўванні 1018 чалавек: дзяцей да 18 гадоў – 120, да года – 6, людзей пенсійнага ўзросту – 395. Прычыны смяротнасці ў асноўным такія ж, як і па раёне ў цэлым: хваробы сістэмы кровазвароту, старасць, новаўтварэнні, знешнія прычыны… У мінулым годзе памерла 43 чалавекі, з іх 5 у працаздольным узросце. На тэрыторыі абслугоўвання пражывае 4 нядобранадзейныя сям’і, у якіх выхоўваецца 9 дзяцей. Радуе, што ёсць шматдзетныя сем’і. Такіх 12 – выхоўваецца 41 дзіця.
Падвёў вынікі праходжання абавязковага медыцынскага агляду работнікамі раёна за мінулы год В.С. Буйніцкі. На жаль, не ўсе работнікі, якім неабходна было абавязкова прайсці медагляд, зрабілі гэта. Чаму людзі абыякава ставяцца да свайго здароўя, а наймальнікі дапускаюць іх да работы без медыцынскіх даведак аб стане здароўя?! Складана сказаць. Але такая абыякавасць можа прывесці да трагедыі.
К.А. Крук адзначыла, што для кожнай сельгасарганізацыі выдзяляецца пэўны дзень на праходжанне медыцынскага абследавання.
— На жаль, многія не прыходзяць у назначаны тэрмін, — гаварыла К.А. Крук. — А затым апраўдваюцца, скардзяцца, маўляў, “не прайшоў медагляд, бо велізарныя чэргі каля кабінетаў… ” А ў нас у паліклініцы чэргі мінімальныя — укамплектаванасць медыцынскім персаналам 89,7%. Таксама нагадваем, што кожную чацвёртую суботу месяца таксама можна прайсці медыцынскі агляд, працуюць усе неабходныя ўрачы. Паважаныя бярэзінцы, калі ласка, не ігнаруйце медыцынскі агляд і праходзьце яго своечасова!
Падводзячы вынікі пасяджэння, У.М. Навіцкі засяродзіў увагу на тым, што неабходна падрабязна разглядаць кожны выпадак смяротнасці ў працаздольным узросце.
— Гэта нам дазволіць выявіць рэальныя прычыны смяротнасці ў працаздольным узросце, — зазначыў У.М. Навіцкі. — І правільна вызначыцца з напрамкам дзейнасці, скласці план мэтанакіраваных прафілактычных мерапрыемстваў. Нам усім неабходна велізарную ўвагу надаваць медыцынскім аглядам. Нават запрашаць на пасяджэнні кіраўнікоў раёна, дзе абыякава ставяцца да гэтых мерапрыемстваў. А ўсё для таго, каб навучыць  людзей клапаціцца пра сваё здароўе, жыццё – нармалізаваць дэмаграфічную сітуацыю ў раёне.

Юлія БУКЕЛЬ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *