Вартавыя правапарадку Бярэзіншчыны адзначаюць прафесійнае свята

Як заўсёды, будзем сустракаць свята на рабочых месцах. Наша служба адказная, напружаная, патрабуе вынослівасці, мужнасці, стрэсаўстойлівасці. На супрацоўнікаў міліцыі ўскладзена задача па забеспячэнні асабістай і маёмаснай бяспекі, падтрыманні належнага грамадскага парадку на замацаванай тэрыторыі, правядзенне прафілактычных мерапрыемстваў і шмат іншага.

У Бярэзінскім аддзеле нясуць службу вопытныя, няўрымслівыя вартавыя правапарадку, якія не лічацца з асабістым часам, імкнуцца выконваць работу на “выдатна”. Хочацца выдзеліць супрацоўнікаў, якія паказваюць высокія вынікі ў аператыўна-службовай дзейнасці. Прыемна, што іх работа адзначана не толькі кіраўніцтвам нашага РАУС, але і Упраўленнем унутраных спраў, райвыканкамам.
Граматай начальніка Упраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама ўзнагароджаны начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх, старшы лейтэнант Аляксей Васільевіч Крывянкоў. Падзячным лістом –  начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Сяргей Валер’евіч Шкуратаў, вадзіцель аператыўна-дзяжурнай службы Аляксей Сяргеевіч Літвінаў. Медалі “100 гадоў міліцыі” атрымалі ўчастковы інспектар міліцыі, старшы лейтэнант Мікалай Сяргеевіч Собаль, начальнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі, маёр Уладзімір Уладзіміравіч Каўзуновіч, вадзіцель групы тылавога забеспячэння Дзмітрый Генадзьевіч Дормаш, старшы інспектар групы кадраў Генадзій Мікалаевіч Рабіза. Лепшыя міліцыянеры таксама адзначаны Граматай раённага выканаўчага камітэта – намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі, старшы лейтэнант Вадзім Віктаравіч Сакаў, начальнік ізалятара часовага знаходжання Аляксандр Эдуардавіч Віктаровіч. Падзячным лістом – вадзіцель аператыўна-дзяжурнай службы Арцём Сяргеевіч Ждановіч. Аб’яўлена падзяка начальніка Упраўлення следчага камітэта старшаму оперупаўнаважанаму, маёру Уладзіміру Уладзіміравічу Сялейка, начальніку крымінальна-выканаўчай інспекцыі, маёру Уладзіміру Уладзіміравічу Каўзуновічу.
Прыемна, што ў наш дружны калектыў уліваюцца і маладыя вартавыя аховы правапарадку. У 2018 годзе прыйшоў на службу ўчастковы інспектар Андрэй Уладзіміравіч Губіч. Ён абслугоўвае Паплаўскі сельскі Савет. Нягледзячы на тое, што мае пакуль невялікі вопыт работы ў аддзеле ўнутраных спраў, зарэкамендаваў сябе на дастойным узроўні.
Увогуле, мы рады новаму папаўненню, калі бачым, што дастойны работнік, назначаем на кіруючыя пасады.
Дастойна нясуць службу ў розных падраздзяленнях і жанчыны — маёр міліцыі Вольга Мікалаеўна Сямашка, старшы лейтэнант Надзея Віктараўна Кустава, старшы лейтэнант Юлія Уладзіміраўна Сігаёва, лейтэнант Анжаліка Віктараўна Цішкевіч і іншыя.
Мы не губляем сувязей і з ветэранамі міліцэйскай службы. Запрашаем іх на сходы, спартыўныя і культмасавыя мерапрыемствы. Усім ім дзякуй за адданую працу.
Вядома ж, ганарымся, што міліцыянеры нашага аддзела паказваюць добрыя вынікі і ў спартыўных спаборніцтвах.
Усе дасягнутыя паказчыкі 2018 года дазволілі калектыву міліцыі замацавацца на дастойным месцы сярод іншых аддзелаў унутраных спраў вобласці. Аднак адпачываць нельга. Ёсць над чым і з кім працаваць.
Усіх са святам! Моцнага здароўя, поспехаў у нашай нялёгкай службе, творчых ідэй, паразумення сярод калег і, вядома ж, моцнага, надзейнага тылу. А нашых шаноўных жанчын хочацца павіншаваць яшчэ і з надыходзячым святам 8 Сакавіка!

Аляксандр МІХНЁНАК,часова выконваючы абавязкі начальніка Бярэзінскага РАУС, падпалкоўнік міліцыі.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *