«Сябрую з «Панарамай» даўно»

Аксана Аляксандраўна ЦЭНКЕЛЬ, пенсіянерка:

— Сябрую з раёнкай вельмі даўно, дзесьці з 1987 года. І, шчыра кажучы, ні разу не прапусціла падпісную кампанію, не забылася выпісаць. Без перабольшвання – падабаецца чытаць усё.
Даспадобы, калі ў “Бярэзінскай панараме” пішуць пра людзей, пра тых, хто даўно жыве на Бярэзіншчыне, аддана, шмат гадоў працуюць тут. Проста цудоўна, калі не забываюць такіх людзей, расказваюць пра іх. Таму больш за ўсё падабаюцца рубрыкі “Чалавек і яго справа”, “Асоба”, “Прафесіяналы ў асобах”, “Юбіляры”.
Памятаю пісалі ў “Бярэзінскай панараме” і пра мяне, дачку. Дарэчы, я збіраю ўсе газеты, каб, калі спатрэбіцца, перагледзець той альбо іншы артыкул.
Яшчэ мне падабаюцца матэрыялы пра гісторыю Бярэзіншчыны, ваенныя гады. Грунтоўныя, цікавыя, насычаныя гістарычнымі звесткамі матэрыялы пад рубрыкай “Бярэзіншчына ў полымі вайны”. На жаль, мне здаецца, што бярэзінцы мала ведаюць сваю гісторыю – таму артыкулы раёнкі неабходна чытаць кожнаму, каб быць адукаваным, усебакова развітым чалавекам. Памятаю, матэрыял, дзе журналісты цікавіліся, ці ведаюць жыхары гісторыю назваў вуліц. На жаль, аказалася, што не вельмі. Расчаравала, што ніхто не назваў вуліцу Баранава. А гэта ганаровы жыхар Бярэзіншчыны, партызан.
Я жыву ў цэнтры Беразіно, наведваю амаль усе святочныя мерапрыемствы, што ладзяцца ў раёне. А затым з нецярпеннем чакаю “раёнку”, каб пачытаць пра тое ці іншае свята, пе- рагледзець здымкі, паглядзець, на якія моманты звярнулі ўвагу журналісты… Радуе, што ў газеце ёсць змястоўныя, цікавыя артыкулы і пра тое, што адбываецца ў раёне, вобласці, ды і ў краіне ў цэлым.
Мне здаецца, раёнка адпавядае ўсім патрабаванням. Асабліва радуе, што большасць газетных артыкулаў на роднай мове. Мы ж беларусы, калі не будзем вывучаць нашу мову, чытаць на ёй – страцім яе.
На мой погляд, “Бярэзінская панарама” павінна быць любімай газетай усіх бярэзінцаў. А як жа іначай?! Мы жывём на Бя-рэзіншчные і павінны быць у курсе падзей, што адбываюцца ў раёне!
Калектыву рэдакцыі жадаю моцнага здароўя, дабрабыту і поспехаў!

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *