Мая бабуля — мой герой…

Прывітанне, паважаныя сябры! Мяне завуць Валерыя. Некалькі слоў пра сябе: вясёлая, дапытлівая, люблю спяваць (не без сціпласці прызнаюся: раблю гэта нядрэнна), іграю на мандаліне і гітары.
Дык пра што гэта я? Зараз я ў школе. У нас перапынак. А наступны ўрок – гісторыя. Між іншым, хачу адзначыць – гэта мой любімы ўрок. Сёння ён прысвечаны тэме Вялікай Айчыннай вайны і яе героям. У наш час непаўналетнім цяжка ўявіць, хто такія сапраўдныя героі. Не з мультфільмаў і коміксаў, пра якіх, магчыма, адразу падумае наша пакаленне. Не! Размова ідзе пра тых, хто аддаў сваё жыццё дзеля свабоды Радзімы. Сярод іх былі і нашы аднагодкі. Яны разам з дарослымі змагаліся за тое, каб мы спазналі ўсе фарбы мірнага жыцця.

Асабіста для мяне героем, а дакладней, гераіняй, з’яўляецца мая бабуля. Яна не была ўдзельніцай вайны. Але я вельмі хачу, каб ведалі і пра яе. Не пытайцеся, чаму. Хутка самі ўсё даведаецеся…
Мая бабуля, Алена Іванаўна Ключнік, нарадзілася ў вёсцы Баравіно Бярэзінскага раёна. Між іншым, гэта вёска ў час Вялікай Айчыннай вайны была спалена фашыстамі амаль з усімі яе жыхарамі. Цяпер там устаноўлены помнік загінуўшым. Кожны год у Дзень Перамогі ўшаноўваецца іх памяць. І мы таксама захоўваем яе.
Бабуля – малодшая ў шматдзетнай сям’і. Разам з бацькамі і сёстрамі Соф’яй і Лідзіяй жыла ў простай сялянскай хаце. Бацькі яе, як і мае прабабуля і прадзядуля, працавалі ў калгасе: Іван Ігнацьевіч – пастухом, Марыя Дзянісаўна – даяркай. Праца была цяжкая, ды і клопатаў па гаспадарцы было нямала. Таму дзеці былі надзейнымі памочнікамі. Разам з бацькамі яны шчыравалі на ферме і калгасных палях. У пошуках ведаў пераадольвалі шлях да школы ў дзесяць кіламетраў. Бабуля вучылася на “выдатна”. Любімымі прадметамі былі фізіка, матэматыка, нямецкая мова. Але працу яна знайшла на чыгунцы. Шмат падарожнічала ў гэты час па свеце. Пабывала ў Літве, Латвіі, Адэсе, Данецку, Маскве… І гэта далёка не поўны спіс гарадоў.
Пасля замужжа пераехала жыць у Беразіно і змяніла род дзейнасці. Але лёс склаўся так, што адной прыйшлося выхоўваць дачок Марыю і Наталлю. Нягледзячы на гэта, дзеці выраслі дастойнымі людзьмі, атрымалі вышэйшую адукацыю і звязалі жыццё з педагогікай.
Сваю працоўную дзейнасць бабуля працягнула ў сельскай гаспадарцы. Зімой працавала качагарам у тры змены, спала па 2-3 гадзіны. Сама секла дровы, даставала іх з-пад снегу… Летам – поварам у калгаснай сталовай. На жыццё ледзь хапала. Таму трымала і гаспа- дарку: 2 каровы, 2-3 свіней, курэй, апрацоўвала вялікі ўчастак зямлі. Дапамагалі дзеці, але часцей бабуля, шкадуючы дачок, усё “цягнула” сама.
Зараз у сваім 60-гадовым узросце Алена Іванаўна – бабуля траіх унукаў, якія яе вельмі любяць. І яна іх таксама, бязмерна. Нягледзячы на слабае здароўе, бабуля ходзіць на працу, а ў вольны час даглядае прысядзібны ўчастак. На пытанні: “Нашто табе, бабуля, лішнія клопаты? Ты ж ужо на заслужаным адпачынку?” яна шчыра, па-мацярынску адказвае: “Усё для вас, дзяцей і ўнукаў”.
А я зноў і зноў вяртаюся да пытання: “Чаму менавіта яе, на першы погляд звычайную жанчыну, я выбрала сваім героем? Яна ж не ветэран вайны, няма ў яе супермагчымасцей!” Усё проста: нягледзячы на нягоды, яна ніколі не здавалася і верыла ў свае сілы. Пра сябе заўсёды думала ў апошнюю чаргу, жыла клопатам пра родных. Яна і сёння імкнецца падтрымаць нас і засцерагчы ад бяды. Ды і дома ў бабулі заўсёды цёпла і ўтульна, бо там нас сапраўды чакаюць.
Я, як і бабуля, імкнуся ніколі не здавацца, не апускаць рукі, не памятаць крыўду, рабіць дабро, аддаваць апошняе тым, хто жыве ў нястачы, заўсёды быць чулым і шчырым чалавекам! Бабуля Лена для мяне самы блізкі і любімы чалавек. Яна – мой герой!
На гэтым, мой паважаны чытач, я гавару “да пабачэння”. Дзякуй тым, хто ўважліва прачытаў гэта пісьмо. Пішу без адрасата, таму што пісала я яго ўсім добрым людзям. Такім, як мая бабуля!

Валерыя ХАДАРОНАК, вучаніца 8 класа Ушанскай школы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *