На Дні аховы працы ў Бярэзінскім ПМС

У новым фармаце прайшоў раённы Дзень аховы працы на базе Бярэзінскага ПМС, удзел у якім прынялі кіраўнікі і адпаведныя спецыялісты арганізацый і прадпрыемстваў.

Як патлумачыла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама В.В. Калячка, знаёмячы прысутных з праграмай мерапрыемства, ранейшыя падобныя сустрэчы ўяўлялі сабой семінары-вучобу па арганізацыі работы сістэмы аховы працы. Але гэта практыка не прынесла чаканых вынікаў. Мабыць, таму што адказныя асобы не вельмі імкнуцца рабіць высновы. Нават на ўласным горкім вопыце не вучацца аналізаваць наступствы сваіх учынкаў. Відаць, па гэтай прычыне не змяншаецца колькасць няшчасных выпадкаў, у тым ліку і са смяротным зыходам. А новы фармат дазволіць больш аб’ектыўна ацаніць работу кіраўнікоў і спецыялістаў па ахове працы, якім давядзецца выступаць са справаздачамі па ліквідацыі выяўленых парушэнняў.

— Сёння няма нічога даражэй за чалавечае жыццё, і мы павінны зрабіць усё магчымае для яго захавання, — такімі словамі адкрыў мерапрыемства першы намеснік старшыні райвыканкама А.М. Шыфрын. — Асобныя думаюць, што бяда іх абміне. Але гэта не так. Бо бяздзейнасць не вядзе да станоўчых вынікаў. Для іх дасягнення неабходна сістэматычная работа па стварэнні бяспечных умоў працы. І добрасумленнае выкананне абавязкаў, а таксама гатоўнасць несці адказнасць за давераны ўчастак. Як бачна, парушэнняў можна не дапусціць і без лішніх матэрыяльных затрат. Але некаторыя спецыялісты і да сённяшняга часу працягваюць спасылацца на адсутнасць грошай, каб нічога не рабіць. А вось калі здараецца непрыемнасць, то пачынаюць шукаць вінаватага, у якасці якога, дарэчы, усё часцей выступае кіраўнік. Дык можа кіраўнікам трэба адразу больш строга і патрабавальна кантраляваць выкананне даручэнняў спецыялістамі. Тады апошнія задумаюцца над сваімі ўчынкамі, не пройдуць міма ў наступны раз, звернуць увагу на дробязі, праявяць нераўнадушша да сябе і іншых, хто можа трапіць у непрыемнасць па іх віне.

Разам з тым, Аляксандр Мікалаевіч звярнуў увагу на абавязковасць праходжання медагляду работнікамі і адзначыў, што катэгарычна забаронена дапускаць да работы тых з іх, хто праігнараваў гэта патрабаванне.

У працяг тэмы галоўны ўрач ДУ “Бярэзінскі РЦГЭ” В.С. Буйніцкі падкрэсліў важнасць медаглядаў, дзякуючы якім можна загадзя выявіць хваробу і своечасова накіраваць чалавека на лячэнне. Таксама нагадаў, што па пытаннях наконт медаглядаў можна звярнуцца да загадчыцы паліклінікі Яўгеніі Паўлаўны Куніцы (нумар тэлефона – 55626), а работа камісіі па медаглядзе для зручнасці бярэзінцаў арганізавана і ў чацвёртую суботу кожнага месяца.

Дарэчы, нямала выяўленых парушэнняў звязана менавіта з медаглядамі. Пра гэта гаварыў галоўны дзяржаўны інспектар Барысаўскага МРА С.В. Сыраквашка, знаёмячы прысутных з вынікамі работы мабільнай групы. Хваляванне выклікаюць і выпадкі знаходжання на рабочых месцах у стане алкагольнага ап’янення, што з’яўляецца частай прычынай няшчасных выпадкаў. Усё гэта сведчыць аб бескантрольнасці з боку кіраўнікоў і спецыялістаў, фармальным падыходзе апошніх да выканання сваіх абавязкаў. Відавочныя парушэнні не фіксуюцца ў журнале штодзённага кантролю, не ліквідуюцца і, як вынік, уваходзяць у прывычку і становяцца “нормай”. Наглядна пацвердзілі сказанае прадэманстраваныя інфармацыйныя слайды, дзе знайшлі адлюстраванне парушэнні правіл электра- і пажарнай бяспекі, эксплуатацыі абсталявання, захламленасць і загрувашчванне рабочых памяшканняў, нездавальняючы стан працоўных месцаў.

Затым са справаздачамі аб праведзеных мерапрыемствах па ахове працы выступілі кіраўнікі і спецыялісты сельгаспрадпрыемстваў “Бярэзінскі райаграсэрвіс” і “Багушэвічы”, дзе былі адзначаны няшчасныя выпадкі.

Як вядзецца работа ў гэтым накірунку ў ДУП “Бярэзінскае ПМС”, паведамілі галоўны інжынер С.У. Дрысевіч і інжынер па ахове працы А.М. Палянскі. А затым запрасілі прысутных на экскурсію па тэрыторыі прадпрыемства. Падчас яе госці наведалі рамонтныя майстэрні, пакой адпачынку і прыёму ежы, кабінет інжынера па ахове працы, такарны цэх.

Вынікі мерапрыемства падвёў А.М. Шыфрын. А Вольга Васільеўна ў сваю чаргу падзякавала кіраўнікам і спецыялістам, якія прынялі актыўны ўдзел у аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю раёна па ахове працы. Дарэчы, пераможцы і лідары спаборніцтва будуць вызначаны ўжо ў сакавіку.

Алена МУРАЧ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *