У ліку лепшых жывёлаводаў Міншчыны — бярэзінцы

У г. Узда адбылося ўрачыстае мерапрыемства па ўшанаванні лепшых работнікаў жывёлагадоўчай галіны Міншчыны ў рамках рэспубліканскай прафсаюзнай акцыі “Наш жывёлавод”. На ім была прадстаўлена і дэлегацыя Бярэзінскага раёна. Адкрываючы сустрэчу, старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта А.М. Ісачанка сказаў:
-Прафесія жывёлавода на сяле – адна з самых паважаных, але і адна з самых нялёгкіх. Аднак галоўнае багацце – гэта нашы працавітыя людзі, якія любяць сваю малую радзіму і ўслаўляюць яе за межамі краіны. Дзякуючы ім мы экспартавалі прадукцыі на 300 мільёнаў долараў. Нашу прадукцыю ведаюць і любяць за мяжой, мы выйшлі на новыя рынкі збыту. Мы з’яўляемся лідарамі ў краіне па вытворчасці свініны і мяса птушкі. Гэта тая галіна, якая фарміруе ўсё, дае выручку, а ад таго, як працуе жывёлагадоўля, залежыць усё астатняе.

Шмат гучала цёплых і шчырых слоў у той дзень у адрас працаўнікоў ферм. Многія з іх былі адзначаны граматамі і каштоўнымі падарункамі. Сярод узнагароджаных – трое бярэзінцаў.

Так, аператар свінагадоўчага комплексу закрытага акцыянернага таварыства “Клявіца” Святлана Віктараўна Ладуцька адзначана Ганаровай граматай Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, яе калега па цэху, аператар па штучным асемяненні жывёлы ЗАТ “Клявіца” Аляксандр Пятровіч Ляпёшкін – Ганаровай граматай Прэзідыума Савета Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў, а трактарыст-машыніст сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “АграМАЗ” Леанід Васільвіч Буднік – Ганаровай граматай Мінскага абласнога аграпрамысловага саюза.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

На здымках: старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта А.М. Ісачанка ў час уручэння ўзнагарод;  члены бярэзінскай дэлегацыі.

Фота Марыны КАЎЗУНОВІЧ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *