З Луганска — у Любушаны

Луганск. Мала хто з нас бываў у гэтым горадзе, але чуў пра яго, напэўна, кожны беларус. Гарачая кропка Украіны. Баявыя дзеянні ў гэтым рэгіёне выклікалі хвалю людскога абурэння, а з ёй і яшчэ адну хвалю – бежанцаў…

У ліку тых, хто зняўся з наседжанага месца, была і мнагадзетная сям’я Дыгадзюк.
— Пакідалі Радзіму з болем у сэрцы,- расказвае Ірына Георгіеўна. – Узялі з сабой толькі тое, што магло ўмясціцца ў рукі. Амаль без грошай – усе банкаў- скія рахункі былі замарожаныя. І ў дарогу. За дзетак было страшна, іх у нас трое. Ды і самім гінуць не хацелася, колькі яшчэ пажылі.
Вырашылі ехаць у Беларусь, дзе спакойна і мірна. Ды і людзі чулыя, шчырыя. Да таго ж матуля родам з Магілёўшчыны. Засталіся былыя аднавяскоўцы, сяброўкі, якія раз’ехаліся па рэспубліцы. Адна з іх аказалася на Бярэзіншчыне. Сюды і паехалі Дыгадзюкі, у яе спыніліся на першы час. Толькі ж без працы сядзець не будзеш, ды і свой “вугал” ствараць трэба. Да пошукаў работы тады актыўна далучыўся дырэктар Бярэзінскага раёна газазабеспячэння У.М. Абрамовіч, з дапамогай якога і выйшла сям’я бежанцаў на тагачаснага дырэктара сельгасфіліяла “Купава-Агра” Андрэя Леанідавіча Зубара… Было гэта ў 2014 годзе.
З таго часу і працуюць у сельгасфіліяле муж і жонка Дыгадзюкі аператарамі машыннага даення кароў на МТФ “Уюноўка”. Што называецца, упісаліся ў калектыў. Добра працуюць, зладжана, не цураюцца работы. Як вынік, Ірына Георгіеўна стала лепшай даяркай фермы за 2018 год. А трымаць такую планку не так проста, бо гаспадарка ў цэлым займае другое месца ў раёне па надоях малака.
— Працаваць з жывёлай для мяне не ў навінку, — гаворыць І.Г. Дыгадзюк. – Калі жылі ў Луганску, трымалі вялікі падворак, мелі карову. Так што ўпраўляцца ўмею. Адносіцца да справы абы з рук – так не магу. Ды і трэба ж апраўдваць давер, які аказалі нам. Самі падумайце: нам гаспадарка і дом выдзеліла, і па першым часе нават посудам і бялізнай забяспечыла. У нас жа і коўдры не было. Усё з нуля даводзілася пачынаць. Яшчэ раз пераконваюся ў тым, што беларусы – самы шчыры і адкрыты народ.
Сёння Ірына Георгіеўна не чужынец, а свой чалавек у Любушанах. Двайняткі Багдан і Ягор ходзяць у шосты клас мясцовай школы, старэйшы Даніла ў Мінску, пайшоў па матчыных слядах і працуе на мясакамбінаце, пакуль абвальшчыкам, але неўзабаве, пасля заканчэння інстытута, стане спецыялістам больш высокай катэгорыі. Ладзяцца ў жанчыны і адносіны з мужам Васілём Міхайлавічам. Ён яе надзея і апора і дома, і на рабоце. А 8 Сакавіка з Днём жанчын павіншуюць Ірыну Георгіеўну ўсе яе чатыры джэнтльмены – адзіную, самую любімую і самую лепшую ў свеце.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *