З водарам хлеба

Вольга Фёдараўна Гардзіенка працуе пекарам хлебабулачнага цэха Бярэзінскага райспажыўтаварыства, мае ІV разрад і 22 гады працоўнага стажу.
— Пасля заканчэння вучобы ў Смілавіцкім каледжы я атрымала спецыяльнасць повараафіцыянта, — гаворыць Вольга Фёдараўна, — практыку праходзіла ў пансіянаце “Сонечная паляна”. А потым трапіла на Бярэзінскі хлебакамбінат, і з таго самага моманту жыву з водарам хлеба.
Тут у хуткім часе Вольга, дзякуючы майстру Але Фёдараўне Саскавец, асвоіла ўсе прамудрасці пякарскай справы. Яна навучыла і цеста мясіць, і батоны фармаваць, і каля печкі завіхацца, і нават у час водпускаў майстроў выконваць іх абавязкі. Зараз пекары (а іх у хлебабулачным цэху 10) працуюць толькі ў начныя змены, каб раніцай да спажыўцоў адпраўляць духмяны, гарачы, свежавыпечаны хлеб.
Пра добрасумленную працу Вольгі Фёдараўны калегі і знаёмыя чыталі ў ведамаснай газеце “Вести потребкооперации”, а адміністрацыя неаднойчы адзначала і заахвочвала яе падарункамі.
Па-свойму ганарацца матуляй і дзеці, якіх Вольга Фёдараўна выхоўвае без мужавай падтрымкі, сваім уласным жаночым прыкладам. Сын Кірыл паступіў у БНТУ, а дачушка Вераніка яшчэ першакласніца.

Алена ГРОМАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *