На Бярэзіншчыне ўшанавалі лепшых працаўнікоў і адзначылі 25-годдзе Канстытуцыі

Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за 2018 год падвялі ў мінулую пятніцу ў цэнтры культуры. Тут ушаноўвалі і адзначалі тых людзей, якія штодзённай і шчырай працай уносяць значны ўклад у развіццё раёна, вобласці і рэспублікі ў цэлым. Сімвалічна, што ўрачыстае мерапрыемства прайшло ў знамянальны для краіны дзень — 25-годдзе Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Адзначаў гэта і старшыня райвыканкама А.М. Бабічаў, які першым звярнуўся да бярэзінцаў і гасцей:

— Сёння значная дата для ўсіх грамадзян краіны — Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. І невыпадкова менавіта ў гэты дзень праходзіць урачыстае мерапрыемства, прысвечанае працоўным дасягненням бярэзінцаў. Гэта свята людзей, якія ствараюць дабрабыт і сваім прыкладам выхоўваюць у падрастаючага пакалення павагу да працоўных традыцый. Іх праца з’яўляецца адным з асноўных стымулаў для пастаяннага руху наперад дзеля будучыні краіны, кожнай сям’і і кожнага канкрэтнага чалавека.

Затым Аляксандр Мікалаевіч прыняў удзел у цырымоніі ўзнагароджання лепшых з лепшых, што ўнеслі значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна па выніках за 2018 год. Пераможцамі сярод арганізацый і ўстаноў прызнаны ЗАТ “Клявіца” (кіраўнік – М.І. Крыўцоў), сельскагаспадарчы філіял “Здравушка-агра” (М.Л. Крыцкі), ДЛГУ “Бярэзінскі лясгас” (С.У. Чэмка), РКУВП “Бярэзінская ЖКГ” (Д.І. Вабішчэвіч), УЗ “Бярэзінская ЦРБ” (А.П. Жызнеўская), Капланецкі сельскі выканаўчы камітэт (Л.У. Забаронак).

Затым пад гучныя апладысменты ўшанавалі і заслужаных работнікаў калектываў. Дарэчы, іх фотаздымкі сёлета ўпрыгожылі раённую Дошку гонару. Дыпломы з рук старшыні райвыканкама А.М. Бабічава атрымалі галоўны заатэхнік філіяла “Ома” В.Р. Фядотава, аператар па штучным асемяненні жывёл сельгаспрадпрыемства “АграМАЗ” Т.У. Барэйша, начальнік малочнатаварнага комплексу філіяла “Здравушка-агра” Т.Я. Бяляева, трактарыст-машыніст ААТ “Бярэзінскі” А.У. Ермаловіч, аператар па адкорме буйной рагатай жывёлы старэй за 6 месяцаў ААТ “Брадзец” А.М. Максімаў, аператар па абслугоўванні свінаматак з парасятамі ЗАТ “Клявіца” С.В. Ладуцька, трактарыст-машыніст ААТ “Месціна” У.М. Смольскі, трактарыст-машыніст ААТ “Першамайскі” М.С. Жукоўскі, прадавец райспажыўтаварыства Л.У. Баброўская, старшы майстар вытворчага ўчастка ААТ “Здравушка-мілк” І.П. Гайдук, інжынер-механік вытворчага цэха № 6 РУП “Мінск-Крышталь” І.У. Дударэнка, аператар пульта дыстанцыйнага кіравання прадпрыемства “Мадзікор” В.В. Відрыцкі, рабочы Бярэзінскага раёна газазабеспячэння У.В. Мурог, рамшчык ДЛГУ “Бярэзінскі лясгас” У.Ф. Новікаў, майстар аварыйна-дыспетчарскай службы Бярэзінскай ЖКГ Н.У. Стасюн, прараб ПМК № 182 В.Ф. Станчык, трактарыст філіяла “ДЭУ № 6” Д.А. Красоўскі, загадчык аддзела пісьмаў рэдакцыі газеты “Бярэзінская панарама” М.Л. Трапянок, педагог дадатковай адукацыі турыстычнага цэнтра “Юнацтва” В.Ю. Пянкрат, інструктар па працоўнай тэрапіі ТЦСАН Т.У. Ждановіч, дырэктар сярэдняй школы № 2 горада С.В. Абрамовіч, настаўнік харэаграфіі дзіцячай школы мастацтваў А.М. Бабашава, педагог сацыяльны раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Т.У. Несцяровіч, урач-хірург Бярэзінскай ЦРБ У.М. Цэдрык.

Адзначаліся на мерапрыемстве і многія іншыя працаўнікі, дзякуючы намаганням якіх папаўняюцца здабыткі аграпрамысловай, вытворчай, гандлёвай, будаўнічай, дарожнай, транспартнай, жыллёва-камунальнай, сацыяльнай галін. Іх уклад – у аснове паспяховасці прадпрыемстваў, спрыяльнага сацыяльнага клімату, якасці і даступнасці медыцынскіх паслуг, гарманічнага развіцця асобы дзіцяці.

Словы падзякі былі адрасаваны і тым людзям, дзейнасцю якіх забяспечваюцца парадак і наш спакой. Па выніках работы за мінулы год узнагарод удастоены грамадскі пункт аховы правапарадку (старшыня – М.М. Дубовік) і добраахвотная дружына маладзёжнага атрада аховы правапарадку райкама ГА “БРСМ” (камісар і камандзір атрада — К.В. Вяргейчык і В.А. Казюка).

Віншаванні прымалі і пераможцы леташніх раённых конкурсаў. Лепшым у арганізацыі сістэмы аховы працы і прафілактыцы вытворчага траўматызму было прызнана торфапрадпрыемства “Бярэзінскае” (С.Р. Шабан). А лідарам раённай спартакіяды сярод прадпрыемстваў стала каманда Бярэзінскага РАНС (М.В. Андрыевіч).

Да віншаванняў далучыўся таксама начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення Мінаблвыканкама М.М. Кухавец. Падзякі старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта за значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё вобласці Мікалай Мікалаевіч уручыў брыгадзіру жывёлагадоўчай фермы “Перавоз” філіяла “Ома” Г.У. Волкавай і настаўніку фізічнага выхавання Бярэзінскай гімназіі М.М. Міхалёву.

Не засталіся ўбаку і прафсаюзы: шчыра падзякавалі працаўнікам вёскі і прафактыву за адданасць справе. Узнагароды з рук старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК М.А. Каўзуновіч атрымалі аператар па штучным асемяненні жывёл ААТ “Уша” А.В. Раманава, трактарыст-машыніст ААТ “Месціна” Д.С. Чэрап і старшыня прафсаюзнай пярвічкі ААТ “Багушэвічы” С.Г. Саколіна.

Нялёгкая праца — быць маці. Ва ўсе часы асаблівае значэнне надавалася подзвігу мацярынства. І сёння шматдзетныя сем’і не застаюцца без дзяржаўнай падтрымкі, увагі і клопату. Пацвярджаюць гэта і высокія ўзнагароды, якія А.М. Бабічаў уручыў матулям, што выхоўваюць пяцярых і больш дзяцей – Н.І. Тхаровай, Л.А. Шкатула, А.І. Пашкевіч, А.А. Клімюк.

Дарэчы, менавіта падрастаючае пакаленне павінна стаць дастойным прадаўжальнікам слаўных традыцый, закладзеных бацькамі. Таму на свяце працы і, як звычайна, у Дзень Канстытуцыі ва ўрачыстых абставінах свае першыя і галоўныя дакументы атрымалі сённяшнія вучні, што дасягнулі значных поспехаў у вучобе і грамадскай дзейнасці. Надоўга застанецца гэты прыемны момант у памяці Кацярыны Бубенькі, Алега Шарака, Станіслава Цэдрыка, Арыны Герасімовіч і Анастасіі Слабко.

А ў памяці прысутных застануцца пранікнёныя музычныя кампазіцыі, напоўненыя шчырасцю і любоўю да роднага краю, у выкананні артыстаў Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча.

Дарэчы, бярэзінцы і госці ў гэты дзень маглі таксама наведаць разнастайныя выставы, што размясціліся ў фае раённага цэнтра культуры, завітаць на майстар-клас па вырабе драўлянай лыжкі, атрымаць асалоду ад выступленняў юных лыжачнікаў пад кіраўніцтвам М.А. Папругі і музыкантаў школы мастацтваў.

Алена МУРАЧ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *