Віншаванні прымае бярэзінскі ветэран

Сёлета ў сакавіку стартаваў сумесны праект райкама прафсаюза работнікаў АПК і раённага савета ветэранаў па віншаванні з юбілеямі былых работнікаў сельскай гаспадаркі, якія за сваю старанную і шматгадовую працу былі адзначаны ўрадавымі ўзнагародамі. Адной з першых, да каго наведаліся шаноўныя госці, была Надзея Мікалаеўна Задора, якая 13 сакавіка адзначыла сваё 90-годдзе.

 

Народжаная яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны, жанчына шмат перанесла за сваё нялёгкае жыццё. І была заўсёды няўрымслівым чалавекам, аптымістам, што
і сёння праяўляецца ў яе зычным голасе і душэўнай рухавасці, нягледзячы на маларухомы, з-за хваробы, лад жыцця. Больш за два дзясяткі гадоў была Н.М. Задора паляводам калгаса “Гвардзеец”, а потым не менш таго адпрацавала цялятніцай. Ды як працавала! Стараннасць яе была ў 1986 годзе адзначана ордэнам “Знак пашаны”.
Сёння Надзея Мікалаеўна атулена любоўю сваёй дачкі і зяця, ужо пенсіянераў, якія, пакінуўшы горад, перабраліся ў невялічкую вёску Бычын да матулі. Пражытыя гады і вялікі жыццёвы вопыт жанчына сёння перадае сваім нашчадкам, унукам і праўнукам, для якіх працоўны прыклад бабулі з’яўляецца сапраўдным узорам для пераймання.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *