На Бярэзіншчыне завяршыўся месячнік мужнасці і доблесці ў гонар Дня воінаў-інтэрнацыяналістаў

Месячнік мужнасці і доблесці ў гонар Дня воінаў-інтэрнацыяналістаў на Бярэзіншчыне завяршыла акцыя «Афганцы — гэта назаўжды».

У Бярэзінскай раённай бібліятэцы прайшоў вечар-партрэт «Афганец — значыць першы». Увазе прысутных прапанавалі слайд-прэзентацыю «Афганская быль». У аснову яе ляглі ўспаміны і фотаматэрыялы з сямейных архіваў землякоў з афганскай біяграфіяй. Данінай павагі і памяці бярэзінцам Сяргею Карканіцу і Уладзіміру Шумскаму, што загінулі пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку, стала паэтычнае прысвячэнне «Прызваў навечна іх Афганістан». Лозунг дня «У вайны не бывае пераможцаў» прагучаў праз літаратурную праекцыю аповеду беларускай пісьменніцы В. Кадзетавай «Коля Косцікаў, які не вярнуўся з Афганістана». Акцэнт рабіўся на тым, што беларусам ніколі больш не прыйдзецца ваяваць на чужой зямлі.
Расставіў правільна акцэнты і час. Сёння афганцы — надзейная апора краіны. 50 нашых землякоў маюць афганскую біяграфію. І яны не знаходзяцца на абочыне жыцця. Пацвердзілі гэта радкі з біяграфіі земляка Алега Леанідавіча Купіча. Сёння ён старшыня РА ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане», бізнесмен і мецэнат. Па яго ініцыятыве створана адзінае ў рэспубліцы таварыства дадатковай адказнасці «Аб’яднанне калектываў садзейнічання ветэранам Афганістана». Разам з тым, Алег Леанідавіч прызнаны лепшым прадпрымальнікам Мінскай вобласці-2013 у сферы будаўнічай дзейнасці. Часта выступае ён і арганізатарам дабрачынных акцый па добраўпарадкаванні помнікаў героям і ахвярам вайны, а таксама тых, што накіраваны на падтрымку сацыяльна неабароненых катэгорый насельніцтва, юных спартсменаў.
Уклад былога афганца А.Л. Купіча ў патрыятычнае выхаванне моладзі і падтрымку ветэранаў вайны адзначыў старшыня раённага савета ветэранаў М.С. Абазовік. Словы падзякі ў адрас Алега Леанідавіча прагучалі таксама з вуснаў галоўнай медсястры Бярэзінскай ЦРБ Т.П. Ліпніцкай і ветэрана педагагічнай працы Л.Р. Казырка. Шчырасцю і сардэчнасцю былі напоўнены выступленні трэнера Мікалая Міхалёва і старшыні Бярэзінскай РАС “ДТСААФ” Юрыя Корыка. А яркім акордам мерапрыемства сталі песні пад гітару ад Людмілы Шумскай.

Тамара Круталевіч,
загадчыца аддзела маркетынгу ДУК “Бярэзінская ЦРБ”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *