Работнікі бытавога абслугоўвання насельніцтва Бярэзіншчыны адзначаюць прафесійнае свята

— Хачу падраўняць валасы… А, магчыма, нават пафарбаваць, ці зрабіць меліраванне. Ды і, увогуле, змяніць прычоску. Парайце што-небудзь, падкажыце, я Вам давяраю!
— Думаю, Вам падыдуць кароткая стрыжка і белы колер! Пачнём!
Такі дыялог звыклы для цырульніка КУП “Бярэзінскі РКБА” Таццяны Міхайлаўны САХОНЧЫК.

… Адладжаныя рухі, умелае валоданне інструментам і веданне працэсу стрыжкі, афарбоўкі, укладкі… І праз гадзіну-другую выходзіць з цырульні задаволеная жанчына-прыгажуня з новай стрыжкай.
— Больш за ўсё мне падабаюцца заключныя этапы работы – калі можна бачыць вынік сваёй працы. Кліент задаволены – і ты таксама, — зазначае Таццяна Міхайлаўна. — Шчыра кажучы, я з дзяцінства ведала, што абавязкова буду цырульнікам. Падабалася рабіць прычоскі, падстрыгаць валасы сяброўкам. І гэта ў мяне, здаецца, няблага атрымоўвалася. Таму і паступіла ў Мінскае прафесійнае вучылішча. Вядома ж, на цырульніка.
Дзіцячая мара — рабіць жанчын прыгожымі — у Таццяны Міхайлаўны здзейснілася. Яна паспяхова скончыла вучылішча, вярнулася на родную Бярэзіншчыну, уладкавалася ў камбінат бытавога абслугоўвання. І вось ужо 32 гады нязменна працуе тут. Яе ведаюць, паважаюць і ёй давяраюць. За гэты час з’явілася велізарная колькасць пастаянных кліентаў. Большасць – жанчыны, бо Таццяна Міхайлаўна працуе менавіта ў жаночым зале. Робіць розныя стрыжкі, прычоскі на кароткія і доўгія валасы, афарбоўкі рознай складанасці… Адным словам, імкнецца дагадзіць кліентам, падкрэсліць іх прыгажосць. Ды і з мужчынскай стрыжкай справіцца на выдатна.
— Я люблю сваю работу, якая для мяне і любімае хобі, — зазначае Таццяна Міхайлаўна. — Працую з Марынай Мікалаеўнай Макарэвіч (у яе працоўны стаж таксама 32 гады) пазменна. А яшчэ выязджаем і на раён у комплексныя прыёмныя пункты, дзе таксама вельмі запатрабаваны нашы паслугі. Звычайна збіраецца шмат вяскоўцаў, як жанчын, так і мужчын, каб “абнавіць” прычоску. Ведаеце, з людзьмі працаваць складана, але цікава. За столькі гадоў работы навучылася ўжо нават адгадваць пажаданні кліентаў. Галоўнае – знайсці падыход да кожнага. З часам і вопытам прыйшло разуменне: каб стаць добрым цырульнікам, трэба быць крыху псіхолагам. У кожнага чалавека свой характар, разуменне прыгажосці і таго, што ён хоча ўбачыць у люстэрку. Зразумець, што хоча кліент, – зрабіць палову справы. А я заўсёды імкнуся зрабіць так, каб чалавек выйшаў з цырульні прыгожым, задаволеным і шчаслівым.
Дарэчы, муж Таццяны Міхайлаўны, Уладзімір, працуе ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Таму 24 сакавіка для іх прафесійнае сямейнае свята. Збіраецца ўся сям’я. Віншуюць Таццяну Міхайлаўну і Уладзіміра Сцяпанавіча тры дачушкі: Анастасія, Інга і Вольга.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *