У Бярэзінскім цэнтры рамёстваў адкрылася персанальная выстава Алены Дарашэнка


У чацвер, 21 сакавіка, у Бярэзінскім цэнтры рамёстваў адбылося адкрыццё персанальнай выставы Алены Дарашэнка “Тайные грани”, прысвечанай прыгажосці, каханню і міру.
Як вы думаеце, паважаныя чытачы, што натхняе мастака на стварэнне карцін? Аказваецца, усё даволі проста, гэта – наяўнасць фарбаў і палатна. Менавіта гэтага дастаткова, каб заняцца любімай справай.

Так сцвярджаў напачатку мерапрыемства крэатыўны вядучы Арсеній Ефіменка, а напрыканцы (крыху “забягу” наперад) яшчэ і рэалізаваў гэтыя думкі наяве, калі дарыў маладой таленавітай мастачцы яе партрэт – агульную творчую работу, створаную намаганнямі ўсіх прысутных на выставе, хто пажадаў узяць у рукі пэндзлік і фарбы і нейкі час правёў за мальбертам.
Але па парадку. Алена Дарашэнка працуе метадыстам па дэкаратыўна-прыкладной творчасці ў Бярэзінскім цэнтры рамёстваў з 2017 года, па размеркаванні трапіла сюды пасля заканчэння вучобы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў (факультэт традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва), дагэтуль таксама скончыла Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў. Алена вядзе гурток “Роспіс па тканіне” ў цэнтры. Да таго ж, прымае актыўны ўдзел у абласных і раённых мерапрыемствах. Гэта яе выстава – не першая. Яшчэ на працягу 2017 года былі папярэднія – “Круговорот”, «Аннона», «Праздник, который всегда с тобой».
Маладая мастачка стварае свае карціны ў тэхніцы гарачага баціку. Працэс складаны і працаёмкі. Але, калі Алена паказвала майстар-клас, здавалася, наадварот – у яе руках занадта паслухмянымі былі і пэндзлік, і воск, і прас, а яе рухі ўражвалі лёгкасцю і дакладнасцю. Прысутныя з  цікавасцю назіралі за працэсам нараджэння чарговай карціны.
Наогул, усе работы мастачкі, выкананыя на шоўку, прыцягвалі ўвагу  сваёй арыгінальнасцю і  абстракцыяй, гульнёй колераў і фактур, святла, ценяў і ліній.
Бацік у нас зусім не  госць. Яшчэ нашы продкі распісвалі тканіну ўручную. Яркі прыклад – знакаміты сарафан. Лічылася, чым больш адмысловы ўзор на адзенні, тым жанчына больш  мілавідная. Роспіс па тканіне называюць гэтым замежным словам “бацік” параўнальна нядаўна. Яно ў перакладзе з  інданезійскага азначае “кропля воску”. Лёгкія індыйскія сары, раскошныя японскія кімано  таксама спрадвеку распісваліся ўручную.
А воск іграе ролю замацавальніка, бар’ера, які не дазваляе адной фарбе злівацца з іншай. Для Алены бацік – гэта не толькі тэкстыльная тэхніка, дзякуючы якой яна перадае свой настрой, свае пачуцці і ўражанні. Гэта і погляд на свет, і своеасаблівая філасофія.
На адкрыцці выставы гучалі музычныя кампазіцыі ў выкананні Настассі Барысёнак і Марыны Разанавай, вершы ў выкананні Мікіты Бурымскага. З цёплым прывітальным словам выступіла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Міхайлаўна Лучанок. Яна ўручыла маладой таленавітай мастачцы дыплом за стварэнне калекцыі жывапісных работ, прапаганду сучаснага выяўленчага мастацтва і арганізацыю персанальнай выставы і падарыла прысутным музычны нумар пад уласны акампанемент на гітары. На выставу прыехалі з Магілёва і самыя блізкія для Алены людзі – матуля Галіна Чаславаўна і бабуля Лідзія Дзмітрыеўна. А таксама з дальняга замежжа, з Польшчы, прыйшло відэапасланне ад калегі, сяброўкі і вядомай таленавітай мастачкі Разаліны Бусел.
Каб падтрымліваць добры настрой і перамагаць шэрую хандру, ёсць вельмі дзейсны і просты рэцэпт. Прыпішыце сваім  вачам чарадзейныя рознакаляровыя “кроплі” ў
неабмежаванай колькасці: яркія, сакавітыя, цёплыя фарбы. Прымайце іх кожны дзень — і панурым думкам у вашым жыцці не  застанецца месца.
А для гэтага наведайце выставу “гарачых бацікавых” карцін Алены Дарашэнка, на ўласныя вочы падзівіцеся яе фарбам, фантазіі і майстэрству.

Алена ГРОМАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *