Году малой радзімы і юбілею вызвалення Беларусі прысвячаецца

З 13 па 20 красавіка пройдзе ў гэтым годзе добраахвотная акцыя “Тыдзень лесу-2019”. Як заўсёды, яе мэта – захаванне і памнажэнне лясоў, прыцягненне ўвагі грамадскасці да вырашэння агульнадзяржаўных задач у сферы ўмацавання экалагічнай, эканамічнай і сацыяльнай ролі лясоў. Прысвячаецца яна сёлета Году малой радзімы і 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
— Акрамя непасрэдна работы па пасадцы лесу і навядзенні парадку на тэрыторыі лясных масіваў, — гаворыць намеснік дырэктара ДЛГУ “Бярэзінскі лясгас” В.Т. Умінскі, — наладжаны конкурс на лепшы слоган “Тыдня лесу-2019”, пройдуць конкурсы сярод школ, сярод удзельнікаў акцыі “Захаваем сімвал свята”. Ужо сёння, у адпаведнасці з распрацаваным планам, вядзецца падрыхтоўка да акцыі – вызначаюцца аб’екты. Рыхтуюцца машыны, механізмы, пасадачны матэрыял і гэтак далей. Адным словам, робіцца ўсё магчымае для эфектыўнай работы ўдзельнікаў акцыі.
У кожнага з нас ёсць магчымасць далучыцца да добраахвотнай акцыі. Тым больш, што сёлета яна спалучае і практычную дапамогу ў памнажэнні лясоў, і садзейнічанне захаванню памяці аб подзвігу нашых дзядоў і прадзедаў.

Ала АЛЬФЕР.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *