“Ганаруся любімай “Бярэзінскай панарамай”. Пра раёнку гавораць чытачы

Клаўдзія Рыгораўна ШЫДЛОЎСКАЯ, пенсіянерка:

— Вось гартаю адзін з нумароў газеты “Бярэзінская панарама”. Каляровы – значыць да свята. Ага, напісана пра лепшых працаўнікоў раёна. Цудоўна! Цікава ж даведацца, хто сваёй працай славіць наш край. Дома абавязкова прачытаю газету, як заўсёды, ад першай да апошняй старонкі.
Увогуле, раёнку выпісваю і чытаю колькі сябе памятаю. А да гэтага і мая матуля выпісвала. Падабаецца, без перабольшвання, усё. Нават назва “Бярэзінская панарама” прыемна гучыць. Я мясцовая, нарадзілася на нашай прыгожай Бярэзіншчыне. І рада гэтаму. Шчыра кажучы, ганаруся і нашай раёнкай.
Я шмат гадоў адпрацавала ў адукацыі. Доўгі час была намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце ў другой гарадской школе. Вядома ж, пісалі ў раёнцы і пра мяне… І зараз з задавальненнем чытаю пра адукацыю: новаўвядзенні, конкурсы, алімпійцаў… Радуюся, калі на старонках газеты друкуюцца матэрыялы пра маіх былых вучняў, іх перамогі, поспехі. Даспадобы, што журналісты падбіраюць трапныя загалоўкі да артыкулаў. Друкаваліся ў “Бярэзінскай панараме” і мае некаторыя артыкулы пра людзей, да прыкладу, пра педагогаў-калег Марыну Мікалаеўну Андрончык, Тамару Іосіфаўну Лобач, Людмілу Уладзіміраўну Андрыевіч. І калі чытаю газету, я часта разважаю, а як бы я напісала той альбо іншы матэрыял, які б загаловак прыдумала. Разумею, наколькі складана журналістам напісаць грунтоўны і захапляльны артыкул.
З задавальненнем чытаю матэрыялы пад рубрыкамі “Асоба”, “Пасля падзеі”, “Прафесіяналы ў асобах”, “Юбіляры”, “Хозяйке на заметку”, тэматычную старонку “Школьны аб’ектыў”… Даспадобы і гістарычныя артыкулы, да прыкладу, змешчаныя ў праекце “Бярэзіншчына ў полымі вайны”.
Увогуле, падабаецца чытаць пра людзей, святы і навіны Бярэзіншчыны. Прыемна, што ў газеце асвятляюцца падзеі ў вобласці і краіне — “Акценты недели”, “Па рэспубліцы”, “Па вобласці”.
У мяне ёсць камп’ютар, ноўтбук, смартфон, падключаны інтэрнэт, дзе можна знаёміцца з усімі навінамі. Але я не ўяўляю жыццё без газеты. А з кожным годам, на мой погляд, яна становіцца больш цікавай, багатай на пазнавальныя матэрыялы. Дзякуй калектыву рэдакцыі за любімую газету. І далейшых творчых поспехаў!

 Фота Юліі БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *