Бярэзінскія выратавальнікі заклікаюць не паліць траву…

У апошні тыдзень раённым выратавальнікам літаральна было не прысесці з-за выездаў на ліквідацыю пажараў сухой расліннасці. Сапраўдны антырэкорд устаноўлены 2 красавіка: пяць выездаў зрабілі пажарныя машыны, каб патушыць стыхію з-за людской неасцярожнасці.

Так, у гэты дзень гарэў калгасны сад ў вёсцы Высокая Гара Багушэвіцкага сельскага Савета. У вёсцы Прыбрэжнае загарэліся адразу тры ўчасткі сухастою. Прычынай, хутчэй за ўсё, сталі неабачліва кінутыя каля дарогі акуркі.

Таксама акурак, кінуты ў сухую траву, прывёў да пажару жылога дома ў вёсцы Кукарава.

3 красавіка зарэгістраваны пажары сухой травы ў вёсках Гарэнічы і Міраслаўка.

А яшчэ адзін гаспадар на вуліцы Піянерскай горада “ўмудрыўся” развесці такі касцёр на падворку, што слуп чорнага дыму быў відаць людзям нават на вуліцы Марыі Рамановіч… А побач – ні вядра з вадой, ні лапаты, толькі сухая трава, дрэвы ды кусты… Пратакол і штраф цяпер прымусяць яго задумвацца пра захаванне правіл бяспекі.

Асобная тэма гэтай вясной – дзіцячае свавольства. 30 сакавіка ў вёсцы Новіны два шасцікласнікі гулялі з запалкамі і падпалілі сухую траву. Хлопчык з Барысава, што гасціў у сваякоў у вёсцы Галаўныя Ляды, падпаліў каля дарогі галінкі, ад якіх пачала гарэць сухая трава. Дзякуй Богу, у абодвух выпадках дзеці не пацярпелі.

Таму ў чарговы раз заклікаем дарослых пільна кантраляваць, чым займаюцца дзеці. А таксама спальваць смецце толькі па правілах! Выпальванне ж сухой расліннасці, траў на корані катэгарычна забараняецца.

Вольга ДАНЭЙКА,

інспектар прапаганды Бярэзінскага РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *