Табе, газета, рабіць наш горад прыгажэйшым

Святлана Валянцінаўна Кушнер:

— Я нарадзілася і жыву ў Беразіно. Дагэтуль у горадзе стаіць дом, дзе прайшлі гады маленства, дзе жылі мае бабуля і дзядуля. Бацька быў мясцовым, а матуля прыехала сюды са Слуцкага раёна. Іх месцы працы я ведала яшчэ з дзіцячага садка, бо ў нашай сям’і было традыцыяй за вячэрай дзяліцца вытворчымі справамі. Ды і нязменнай была гутарка аб матэрыялах раённай газеты “Сцяг Леніна”: абмеркаваць артыкулы Барыса Манцэвіча, Паўла Несцяровіча, Міхаіла Кулінковіча, Гертруды Шчур, Уладзіміра Архіпца. Ужо тады мяне здзіўляла, як шмат веэдалі і добра разбіраліся мясцовыя карэспандэнты ў розных пытаннях, не баяліся адстойваць свой пункт гледжання, жылі праблемамі людзей і карысталіся вялікай павагай і аўтарытэтам у бярэзінцаў.
З таго часу мінула шмат гадоў, — і вось я ўжо выпісваю раённую газету “Бярэзінская панарама” гадоў 30 і заўсёды знаходжу, што тут пачытаць, аб чым падумаць і чым адзяліцца з роднымі. Сябры кажуць: раёнку лепш чытаць у інтэрнэце. Але паспрабуй з першага разу знайсці ў сусветнай павуціне “свае” артыкулы пад рубрыкамі “Асоба”, “Крымінал за тыдзень”, “Пішыце, званіце”, тэматычныя старонкі, добрыя парады.
А тут — проста: разгарнуў і ўсё перад табою. Хочаш — пра вытворчасць чытай, хочаш — пра спорт ці здароўе, хочаш — пра каханне. Па асобных нумарах газеты нават можна скласці чалавеку шчымлівае віншаванне.
І мова ў «Бярэзінскай панарамы» адметная — наша беларуская, добрая і мілагучная.
А яшчэ мне падабаецца, што ў рэдакцыю заўсёды можна звярнуцца. Быў час, калі мне даводзілася праз выданне вырашаць уласныя праблемы, якія тычыліся абслугоўвання і навядзення парадку ў раёне.
Падабаецца мне сучасны дызайн выдання, вялікія здымкі на першай паласе, арыгінальныя меркаванні журналістаў, іх ацэнка падзей і падыход да выбару герояў публікацый. Дзякуючы гэтаму, кожны атрымлівае “ежу” для разважанняў. Па душы мне творчы падыход рэдакцыі газеты да сваёй справы, але ёсць і шэраг пажаданняў.
Карэспандэнты не павінны абыходзіць вострыя пытанні развіцця раёна, клопаты бярэзінцаў, аднабакова падыходзіць да асвятлення падзей і характарыстыкі герояў. Не хапае мне і матулі — падпісчыцы са стажам — артыкулаў пра справы на вытворчых прадпрыемствах, на тэмы маралі, сучасных ваенна-патрыятычных публікацый і жыццёвых гісторый, крытычных матэрыялаў. Яны былі б запатрабаваны ў чытачоў. Тады б, напэўна, наш куточак стаў яшчэ больш прыгожым, а роднае выданне пашырыла кола падпісчыкаў.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *