Узнагароды прымаюць бярэзінскія “слаўныя” працаўнікі

На першы погляд, штосьці агульнае паміж Міхаілам Фёдаравічам Булойчыкам і Нінай Віктараўнай Толкач знайсці цяжка. Ну, хіба што ўсё жыццё працавалі ў сельскай гаспадарцы і зараз знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Але гэта не зусім так.

Сёння Н.В. Толкач з’яўляецца ветэранам працы ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс” – прадпрыемства, у якім не працавала ні дня. Вось дык дзіва, скажаце вы, як такое можа быць?
Можа, бо Ніна Віктараўна больш за 30 гадоў свайго жыцця аддала тагачаснаму саўгасу “Сцяг Кастрычніка”, які з цягам часу стаў структурным падраздзяленнем райаграсэрвісу. Была паляводам брыгады Паложына, затым апошнія 15 гадоў – малаказборшчыцай, абслугоўвала вёскі Паложына, Трасцянка і Краснаполле.
А вось працоўны стаж М.Ф. Булойчыка ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Бярэзінскі” (на час паступлення сюды на работу гэта быў саўгас) значна большы і складае 43 гады. І ўвесь гэты час Міхаіл Фёдаравіч “шафёрыў”. Колькі грузаў перавёз, у якіх толькі кутках былога Савецкага Саюза не пабываў і дакладна вывучыў яго геаграфію, адмяраючы кіламетр за кіламетрам. Жыве там, дзе і нарадзіўся – у в. Гарэнічы. Ды і як можна прамяняць такія прыгожыя мясціны, дзе побач багатыя лясы, а возера – прама пад вокнамі роднага дома.


Што ж яднае гэтых людзей і робіць іх падобнымі? Абодва яны за сваю старанную працу адзначаны ўрадавымі ўзнагародамі, а дакладней – ордэнамі Працоўнай Славы ІІІ ступені. І яшчэ: Міхаіл Фёдаравіч нарадзіўся 17 сакавіка, а Ніна Віктараўна – 18-га. Таму ў тыя святочныя дні да іх павіншаваць з юбілеямі — 70-гадовым у Міхаіла Фёдаравіча і 80-гадовым у Ніны Віктараўны — прыязджалі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК М.А. Каўзуновіч, старшыня раённага савета ветэранаў М.С. Абазовік і прадстаўнікі працоўных калектываў ААТ “Бярэзінскі” і “Бярэзінскі райаграсэрвіс”. Шмат добрых і шчырых слоў было выказана ў адрас ардэнаносцаў, якія і па гэты дзень служаць для нас прыкладам адносін да працы.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *