Добраўпарадкаванне Бярэзіншчыны працягваецца…

Каб наш горад стаў яшчэ прыгажэйшым, а таксама больш утульным і камфортным для бярэзінцаў.

Менавіта на гэта скіравана асаблівая ўвага кіраўніцтва раёна, розных службаў горада і, вядома, саміх жыхароў. І вынікі сумеснай дзейнасці навідавоку. З году ў год Бярэзіншчына напаўняецца новымі фарбамі і радуе вока “абноўкамі”.
Так, сёлета ў новым абліччы паўстане помнік воінам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны, у цэнтральным скверы па вуліцы Кастрычніцкай горада. Рэканструкцыю вядуць работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. На аб’екце задзейнічана брыгада рамонтна-будаўнічага ўчастка ў складзе Канстанціна Кірэева, Дзяніса Мурашкі, Віктара Вікторчыка і Сяргея Бурага на чале з прарабам Юрыем Каныгіным. Работы пачаліся 1 красавіка. Адначасова са стартам месячніка па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый, які працягнецца па 30 красавіка. На гэту дату запланавана і здача аб’екта.
— Значны аб’ём работ ужо выкананы. Абноўлена плітка на пляцоўцы каля помніка і пракладзены дарожкі – падыходы да яго, — патлумачыў Юрый Каныгін. – Днямі будзе ўсталявана канструкцыя вечнага агню. Загарыцца ён 9 Мая і стане сапраўдным падарункам бярэзінцам да Дня Перамогі. У планах брыгады на бліжэйшы тыдзень — абліцоўка керамагранітам п’едэстала і падыхода да помніка, уладкаванне асвятлення каля яго. Завяршальным акордам стане добраўпарадкаванне сквера: устаноўка паркавых свяцільняў і азеляненне тэрыторыі.
— На плячах работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі – не толькі рэканструкцыя помніка ў цэнтральным скверы, але і ўсё добраўпарадкаванне ў горадзе. Закончыўшы работы на адным аб’екце, яны адразу бяруцца за іншы. І так цэлы год, — адзначыла намеснік начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Вераніка Фаміна. – Дзякуючы намаганням гэтых людзей, наш горад з кожным днём і з кожным годам становіцца яшчэ больш прыгажэйшым. А жыццё ў ім яшчэ больш утульным і камфортным. Хочацца, каб гэта разумелі і бярэзінцы, а таксама ўмелі цаніць плён шчырай працы камунальнікаў на карысць людзей.
Дарэчы, унесці свой уклад у стварэнне прыгажосці на малой радзіме можа кожны жадаючы. Добрая нагода далучыцца да агульнай справы — суботнік, што праходзіць сёння ў раёне і краіне ў цэлым. На Бярэзіншчыне ў рамках яго запланавана і азеляненне тэрыторыі былога сплаўучастка, што будзе праводзіцца сіламі работнікаў мясцовых прадпрыемстваў і арганізацый. Акрамя таго, падчас месячніка горад упрыгожаць кампазіцыі з хвойных і дэкаратыўных драўнінна-хмыз-няковых раслін. А значыць, прагулкі па ім прынясуць жыхарам і гасцям яшчэ больш задавальнення і падораць добры настрой.

Алена МУРАЧ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *