Адзіны дзень інфармавання прайшоў на Бярэзіншчыне

Будаўніцтва жылля, барацьба з карупцыяй і бяспека дзяцей. Такімі былі тэмы Адзінага дня інфармавання насельніцтва, што прайшоў на Бярэзіншчыне ў мінулы чацвер. У рамках яго адбылася сустрэча інфармацыйна-прапагандысцкай групы старшыні райвыканкама А.М. Бабічава з калектывам райспажыўтаварыства.

На асноўных аспектах развіцця будаўнічай галіны ў рэспубліцы спынілася намеснік начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама В.А. Фаміна. Не пакінула яна без увагі і тыя значныя аб’екты ў горадзе, будаўніцтва якіх скіравана на паляпшэнне ўмоў жыцця бярэзінцаў. Так, летась уведзены ў эксплуатацыю ачышчальныя збудаванні, завершана будаўніцтва водаправода ў вёсцы Святліца, распачаты ў мінулым годзе і працягваюцца сёлета работы на аб’екце “Пазапляцовачныя сеткі і збудаванні горада Беразіно Мінскай вобласці”, у структуру якога ўваходзяць станцыя абезжалезьвання і станцыя другога пад’ёма вады.

Паспяхова рэалізуецца ў раёне Дзяржаўная праграма “Будаўніцтва жылля”: павялічваецца колькасць шматкватэрных дамоў, актыўна развіваецца індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва, дзяржаўная падтрымка аказваецца грамадзянам, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў.

У ліку прыярытэтных накірункаў дзяржаўнай палітыкі — барацьба з карупцыяй, што з’яўляецца адной з найбольш вострых праблем у грамадстве. Падкрэсліла гэта начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама В.В. Мельнічонак. У сваім выступленні яна спынілася на асноўных нарматыўных дакументах, што рэгулююць праваадносіны ў названай сферы, а таксама нагадала прысутным пра наступствы карупцыйных правапарушэнняў і прадугледжаную за падобныя ўчынкі адказнасць.

Пра адказнасць бацькоў, звязаную з бяспекай дзяцей, гаварыла начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Алеся Аляксееўна Цітова. А таксама адзначала, што захаванне жыцця і здароўя дзяцей — галоўны абавязак дарослых.

Вынікі сустрэчы падвёў А.М. Бабічаў.

 

Алена МУРАЧ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *